Падаткавікі патрабуюць ад гомельскага праваабаронцы дэкларацыю за тры гады

Гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку накіравалі з падатковай інспекцыі патрабаванне прадаставіць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці за 2012 — 2014 гады. Ён жыве ў аграгарадку Бабовічы, які належыць да Гомельскага раёна, аднак патрабаванне прыйшло з падатковай інспекцыі Савецкага раёна абласнога цэнтра. Судаленка мяркуе, што гэта нейкім чынам можа быць звязана з распачатай раней крымінальнай справай па факце распаўсюду з яго ўзламанай паштовай скрыні парнаграфіі. Тады порна, нібыта, пайшло акурат на адрас падатковай інспекцыі Савецкага раёна.

Таксама незразумелым для праваабаронцы застаецца пытанне аб тым, па даручэнні якога дзяржаўнага органа падатковая патрабуе ў яго дэкларацыю.

Судаленка: “Я ўчора накіраваў адпаведны ліст на імя начальніка падатковай інспекцыі па Савецкім раёне, дзе паставіў два пытанні. Па-першае, чаму з мяне патрабуе не падатковая Гомельскага раёна. Па-другое, які дзяржаўны орган запатрабаваў ад мяне дэкларацыю рукамі падатковай”.

Леанід Судаленка кажа, што падаткавікі цікавяцца яго асобай больш за дзесяць гадоў. Папярэдняе патрабаванне прадаставіць дэкларацыю ён атрымаў у 2012 годзе. Даць справаздачу за апошнія пяць гадоў мусіў не толькі ён, але і яго жонка, цешча і нават сын, які служыў у войску і быў на дзяржаўным забеспячэнні. Перавышэння выдаткаў над даходамі тады не выявілі. Судаленка звязвае такую цікаўнасць да сваёй асобы з боку падатковай інспекцыі з грамадскай і праваабарончай дзейнасцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі