Падчас будаўніцтва ў Брэсцкай крэпасці раскапаныя людскія парэшткі (фота)
Мясцовы актывіст патрабуе ад гарадской пракуратуры правесці праверку законнасці будоўлі.
Падчас будаўнічых працаў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" раскапаныя людскія парэшткі. Як паведаміў Еўрарадыё лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, там праходзіць пракладка інжынерных камунікацый.
Па словах актывіста, працы праходзяць з грубымі парушэннямі. Напрыклад, няма папярэдніх археалагічных даследаванняў, таму чалавечыя косткі ў адкрытым выглядзе знаходзяцца на месцы будоўлі. Таксама ў выніку будаўнічых працаў была спілаваная вялікая колькасць дрэваў, а сістэма каналізацыі пракладваецца ў бок ракі Мухавец.
"Мы просім пракуратуру правесці праверкі па трох гэтых фактах і прыняць адпаведныя захады. Як наглядны орган, пракуратура можа распачаць крымінальную справу, прыцягнуць да адказнасці ці выпісаць адпаведнае прадпісаннне тым арганізацыям, што вядуць гэтае будаўніцтва", — распавядае Ігар Маслоўскі.
Маслоўскі дадае, што працы вядуцца ў межах будаўніцтва патрыятычнага цэнтра БРСМ, а таксама гасцініцы расійскага інвестара.