Падчас пагоні зламыснікі выкідалі з машыны грошы і рэчы
21 ліпеня на трасе М1 некалькі экіпажаў ДАІ пераследавалі легкавую "Пежо". Відавочцы нават падзяліліся ў сацсетках відэаздымкамі пагоні. Як паведамляе прэс-служба МУС, у той дзень міліцыянты затрымлівалі двух мужчын, падазраваных у серыі крадзяжоў.
У адной з вёсак Дзяржынскага раёна машына спынілася, і кіроўца з пасажырам пабеглі ў розныя бакі. Аднак міліцыянтам удалося затрымаць абодвух. Выявілася, што гэта жыхары Мінска і Мінскага раёна 45 і 40 гадоў.
Напярэдадні мужчыны абакралі кватэру ў Баранавічах. Іх здабычай сталі некалькі залатых вырабаў, 650 долараў, 170 злотых і 50 рублёў. Інспектары ДАІ атрымалі арыенціроўку на падазраваных. Але калі машыну паспрабавалі спыніць, кіроўца кінуўся наўцёкі.
Падчас пагоні зламыснікі выкідалі з вокнаў аўто крадзеныя грошы, рэчы і прылады злачынства. Пазней міліцыянты здолелі знайсці выкрадзенае.
Выявілася, што ў Баранавічах мужчыны шукалі пустыя кватэры, каб іх рабаваць: перад крадзяжом яны званілі ў дамафон. Замок у дзвярах пад'езда адчынялі спецыяльным прыстасаваннем.
Падазраваныя ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за серыйныя крадзяжы ў дуэце. Абодва летась выйшлі з месцаў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.