Падчас пратэстаў у Маскве Пуцін катаўся ў Крыме на матацыкле з "Начнымі ваўкамі"
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас масавых пратэстаў у Маскве, якія сабралі каля 50 тысяч удзельнікаў, паехаў у анексаваны Крым і там катаўся на матацыкле ў кампаніі байкераў з клуба "Начныя ваўкі".
Як перадае Бі-Бі-Сі, у суботу Пуцін далучыўся да байк-шоў "Цень Вавілона". Прэзідэнт сам ехаў на матацыкле з каляскай на чале калоны байкераў. У калясцы сядзеў кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў, а за спінай Пуціна — выканаўца абавязкаў губернатара Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Побач з Пуціным ехаў лідар "Начных ваўкоў" Аляксандр Залдастанаў, больш вядомы як "Хірург".
"Начныя ваўкі" вядомыя сваёй прыязнасцю да ўладаў і асабістым сяброўствам з Уладзімірам Пуціным. Гэты клуб бярэ ўдзел у многіх прапагандысцкіх акцыях. "Хірург" і яго паплечнікі неаднаразова прыязджалі і ў Беларусь, праз якую хацелі трапіць у Еўрасаюз. Так адбывалася некалькі гадоў запар падчас травеньскіх святаў, калі "Начныя ваўкі" ладзілі мотапрабег "На Берлін".
Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца неўязным у Еўрасаюз праз падтрымку палітыкі расійскіх уладаў у Крыме. Еўрапейскія краіны таксама выказвалі нежаданне бачыць на сваёй тэрыторыі яго паплечнікаў, таму польскія памежнікі разварочвалі байкераў у Брэсце.