Падчас разгону пратэстаў ва Узбекістане загінулі 18 чалавек
Ва Узбекістане ў горадзе Нукус (сталіцы аўтаномнага Каракалпакстана) 1-2 ліпеня падчас разгону пратэстаў загінулі 18 чалавек. 243 атрымалі раненні, сярод іх — 38 сілавікоў (у аднаго агнястрэльнае раненне). У бальніцах застаецца 94 чалавекі, ёсць цяжкапараненыя. Гэтую інфармацыю ў панядзелак на брыфінгу агучылі прадстаўнікі Нацгвардыі і Генпракуратуры Узбекістана.
Затрыманыя 516 чалавек. Некаторых адпусцілі, іншыя трапілі пад следства.
Пратэсты, відаць, не спыняюцца, паколькі ў ноч з 3 на 4 ліпеня затрымалі яшчэ 110 чалавек ("за парушэнне патрабаванняў каменданцкага часу").
Каракалпакстан складае трэцюю частку краины. У 1993-м гэтая рэспубліка падпісала міждзяржаўную дамову аб уваходжанні ў склад Узбекістана на 20 гадоў. Калі гэты тэрмін скончыўся, пра яго "забыліся", а іншадумцаў выціснулі за мяжу. Цяпер жа паспрабавалі прыбраць з Канстытуцыі згадкі пра тое, што Каракалпакстан — суверэнная рэспубліка, якая валодае правам выхаду са складу Узбекістана. Гэта і выклікала масавыя пратэсты. На месца падзей прыязджаў прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, які паабяцаў, што згаданых паправак у Канстытуцыі не будзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.