Падлетку, якога вінавацяць у збіцці амапаўца, просяць 2 гады "хатняй хіміі"

Падлетку, якога вінавацяць у збіцці амапаўца, просяць 2 гады "хатняй хіміі"

Два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званая "хатняя хімія") просіць пракурор для падлетка, якога вінавацяць у нападзе на амапаўца.

Працэс над 17-гадовым Аляксандрам Харутам праходзіць у Цэнтральным судзе Мінска. Пракурор Юлія Юркевіч лічыць віну падлетка цалкам даказанай, перадае БелаПАН.

Гісторыя Харуты набыла шырокі розгалас з падачы праваабаронцаў. Яны паведамлялі, быццам амапаўцы пасля затрымання збілі двух падлеткаў, мачыліся на іх і пагражалі сэксуальным гвалтам.

Следства сцвярджае, што падсудны Аляксандр Харута пасля затрымання за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы стукнуў міліцыянта.

Пацярпелы Алег Шарко цяпер ужо не служыць у АМАПе. Экспертыза зафіксавала ў яго лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Пасля затрымання і збіцця падлеткі напісалі заяву ў міліцыю. Праўда, Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу супраць амапаўцаў. Цяпер скарга абвінавачанага знаходзіцца на разглядзе пракуратуры.

Падсудны хлопец сваёй віны не прызнаў. Па яго словах, ён выпадкова закрануў міліцыянта, пасля чаго амапаўцы надзелі на яго кайданкі і збілі.

У сваім апошнім слове Харута заявіў: "Прызнаю, што знаходзіўся ў алкагольным ап'яненні. Зрабіў для сябе выснову, што нельга распіваць спіртныя напоі ў грамадскім месцы".

Прысуд па гэтай справе будзе агучаны 1 лістапада а 10-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі