Паказалі аднаго з затрыманых у сувязі з тэрактам у "Крокус Сіці Холе"
Затрыманы ў сувязі з тэрактам у "Крокус Сіці Холе"
Расійскія тг-каналы паказалі аднаго з затрыманых у сувязі з тэрактам у "Крокус Сіці Холе". Сцвярджаюць, што гэта ўраджэнец Таджыкістана.
Падчас допыту ён кажа, што за ўдзел у тэракце яму абяцалі "недзе паўмільёна рублёў" (гаворка пра расійскія рублі, 0,5 млн = ~$5 тысяч). Палову сумы ўжо перавялі на карту.
Затрыманне адбылося ў Бранскай вобласці. Па словах сілавікоў, тыя, хто напаў на канцэртную пляцоўку, ехалі ў бок мяжы Расіі з Украінай.
Тым часам колькасць загінулых падчас нападу і пажару, які пачаўся пасля яго, вырасла да 115 чалавек. Гэта афіцыйная інфармацыя Следчага камітэта Расіі.
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы распавядаюць, што чулі выбухі.
Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей. Сярод цяжка параненых ёсць грамадзянін Беларусі. За яго жыццё змагаюцца расійскія медыкі.
Нападнікі з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (па некаторых звестках, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзінаў. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што ФСБ Расіі ў сувязі з нападам на "Крокус Сіці Хол" затрымала 11 чалавек. З іх чацвёра — непасрэдныя выканаўцы тэракту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.