Палачанін трапіў пад суд, бо цэлы год "абражаў Лукашэнку" ў сацсетках
У судзе Полацка і Полацкага раёна судзяць мясцовага жыхара Андрэя Патрэбку, паведамляюць праваабаронцы.
Па версіі следства, мужчына больш за два дзясяткі разоў абразіў Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Прычым рабіў гэта ў цынічнай манеры.
Затрымалі палачаніна яшчэ 24 снежня 2021 года. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме "РэгіёнБудПолацк" па дамове падраду. Андрэй халасты, дзяцей у яго няма.
У яго справе гаворыцца пра абразы Лукашэнкі ў сацсетках "Аднакласнікі" і "Вконтакте" з 5 жніўня 2020 года па 11 жніўня 2021-га.
Судпачаўся 5 траўня. На судзе Патрэбка цалкам прызнаў віну.
Пракурорка запыталася, у сувязі з чым ён публікаваў каментары і чым гэта было абумоўлена. На гэта Патрэбка сказаў, што яму не падабаецца стыль зносін Лукашэнкі. Таксама ён назваў такую прычыну, як безадказнасць мясцовых уладаў.
Сярод "доказаў віны" фігуравалі такія пасты, як "У Брэсце знайшлі спаленыя бюлетэні", "Лукашэнка збег з МЗКЦ".
Маці падсуднага распавяла, што Андрэй — адзіны, хто даглядае яе і бацьку. Самі яны хворыя. Бацька — інвалід другой групы, перанёс дзве аперацыі на сэрцы, амаль не ходзіць, сын вазіў яго па бальніцах. Сама яна таксама хворая.
Частка сведкаў не судовы працэс не з'явілася, таму яго працяг адклалі да 14 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.