Палітолаг Абрамава: Магчыма, улады рыхтуюць змену выбарчай сістэмы

Еўрарадыё: Паведамляецца, што чыноўнікі на месцах ужо разаслалі кіраўнікам праўладных грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў спецыяльны цыркуляр, у якім прапануецца падпісацца пад пагадненнем аб стварэнні ініцыятыўнай групы. З чым гэта звязана на вашую думку? Можа ўлады спалохаліся Народнага сходу, які апазіцыя хоча правесці?

Вольга Абрамава: “Тут узнікае шэраг пытанняў. Па-першае, што гэта за патрыятычныя сіла? Палітыцы патрэбнае граматнае пазіцыянаванне — павінны паказаць максімум станоўчых адрозненняў ад іншых. А што гэта за патрыёты? Ды ў нас у краіне ўсе, хто засталіся, не з’ехалі ў эміграцыю, з поўным правам могуць называцца супер-патрыётамі.

Ці яны асцерагаюцца ініцыятывы апазіцыі? Тут крыху іншае: я думаю, што якраз ініцыятыву апазіцыі выкарыстоўваюць у якасці падставы правесці аналагічнае мерапрыемства і высунуць там шэраг сваіх ідэй. Хоць з ідэямі ў Беларусі якраз напружана. Прынамсі, у палітычным полі — гэта тычыцца і ўлады, і апазіцыі”.

Еўрарадыё: Папярэдне ён называецца Усебеларускі з'езд патрыятычных сілаў і мяркуецца, што там будуць палітычныя партыі?

Вольга Абрамава: “Хутчэй за ўсё, будуць запрошаныя праўладныя партыі. Я буду вельмі здзіўленая, калі гэтае запрашэнне было дасланае і дэмакратычным партыям. Хоць гэта было б якраз вельмі не па-дурному. Але паўтаруся, крэатывам ў нас не пакутуюць, за выключэннем "маўклівых" акцыяў. Гэта адзінае, што было такое дзіўнае за многія апошнія гады. Не тое, каб улада так моцна асцерагалася гэтага Народнага сходу апазіцыі. Проста выкарыстоўваюць для агляду шэрагаў да выбараў. Хутчэй гэта праверка, каго запускаць на парламенцкія выбары, каго запускаць на гэтую арбіту. Бо наогул ўлада састарэла”.

Еўрарадыё: Які парадак дня можа быць на гэтым сходзе, якія рашэнні могуць быць прынятыя на ім?

Вольга Абрамава: “Або гэта будзе пустая гаварыльня, або, вельмі верагодна, будзе абвешчана аб змене выбарчай сістэмы і стварэння, напрыклад, змяшанай сістэмы. Але гэта ў любым выпадку нешта звязанае з выбарамі, ніякіх іншых задачаў проста быць не можа. Акрамя таго, гэты з’езд, хутчэй за ўсё, адбудзецца пасля Народнага сходу апазіцыі. Гэта такі эфектыўны тэхналагічны прыём, калі бярэцца тое, што робіць твой апанент, і ўзмацняецца. А паколькі ты выступаеш пасля яго і ўлічваеш яго памылкі, то ты нібыта прысвойваеш сабе ўсе заслугі, менавіта па факце таго, што ты выкарыстоўваеш яго прыём, але ўдасканалены і постфактум”.

Еўрарадыё: Якія вы парады ў гэтай сітуацыі можаце даць апазіцыі?

Вольга Абрамава: “Зрабіць тое, што ўлады не скарыстаюць ні ў якім разе. Улада не разглядае нават варыянты новых значных фінансавых выдаткаў на свой народ. Але гэтыя абавязкі ў перспектыве трэба выконваць. З майго пункту гледжання, трэба выкарыстоўваць тую ініцыятыву, якая 4 чэрвеня з’явілася на сайце “Меркаванне народа”, нават дзве ініцыятывы, — гэта знайсці варыянт звароту абясцэненых укладаў у беларускіх рублях за кошт дэвальвацыі. Гэта трэба зрабіць разава і гэта датычыцца толькі гэтай дэвальвацыі па шэрагу розных прычынаў, бо такой маштабнай дэвальвацыі да гэтага часу не было і менавіта таму, што тут асабліва цынічна абяцалі, што нічога не будзе. Другая прапанова: трэба дамагацца перагляду мытных пошлін на імпартныя аўтамабілі, прынамсі для беларусаў.

Я б таксама прапанавала рэч, якая ў нас яшчэ не гучала, але якая б прынесла шмат сімпатый, бо значную частку насельніцтва гэта закранула б. Я б прапанавала ўвесці для ўдоваў і удаўцоў выплаты паловы пенсіі за іх памерлых мужа ці жонкі, бо гэтыя людзі рабілі адлічэнні ў сацыяльныя фонды і за іх працадаўцы правялі адлічэнні і дзяржава цалкам неабгрунтавана карыстаецца гэтымі сродкамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі