Палітолаг: Лукашэнка рыхтуе новы палітычны кантракт з грамадствам
Новыя гульні аўтакрата
Перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія, паводле інфармацыі BELPOL, адбудуцца зімой 2025 года, Лукашэнка імкнецца наладзіць трывалую сувязь з беларускім грамадствам. Пра гэта на стрыме Еўрарадыё расказаў палітолаг Павел Усаў.
“Што для яго вельмі важна — гэта не прызнанне прэзідэнтам на Захадзе, а вяртанне да новага ўмоўнага палітычнага кантракту з беларускім грамадствам. Каб яно прыйшло да высновы, што Лукашэнка — тое неабходнае зло, з якім трэба мірыцца. Паспрабавалі пагуляць у рэвалюцыю і дэмакратыю, нібы выбралі новага альтэрнатыўнага прэзідэнта, <...> але гэта ні да чаго не прывяло, нічога не змянілася, наадварот, пагоршылася”.
Эксперт лічыць, што рэжым можа скарыстацца сваркамі ў дэмакратычных колах, каб выгадна прадаць сябе.
“Больш за тое, у маральным сэнсе адбываецца разлад, распад і дэградацыя тых структур, якія прэтэндавалі на ролю альтэрнатывы. Вось гэтая маральная перамога — паказаць што, глядзіце, гэтая апазіцыя гуляецца ў тую самую Ярмошыну, у тыя самыя працэдуры і маніпуляцыі, якія выкарыстоўваюць, каб утрымацца на фармальнай пасадзе, якая нічога не значыць. <...> Тады навошта гэтыя ахвяры і змаганні, калі тыя палітычныя структуры і палітыкі, якія павінныя паказваць альтэрнатыву палітычную, не адпавядаюць гэтым чаканням”.
Для Лукашэнкі важна стварыць новы палітычны кантракт з грамадствам, каб не праводзіць выбары ва ўмовах значнага непрыняцця рэжыму.
“Яму патрэбныя хаця б 30-40% шчырай падтрымкі. Не 80, як ён сабе намаляваў, а менавіта 40, для стабілізацыі сістэмы, каб яна дзейнічала не на кароткі тэрмін. Бо яна ўсцяж абапіраецца на рэпрэсіі. А рэпрэсіі праводзяцца менавіта таму, што значная частка грамадства не падтрымлівае рэжыму і не легалізуе гэтай сістэмы”.
Адным з элементаў стварэння глебы для такога “кантракту” можа стаць перазагрузка адносін з Захадам.
“Эпізадычная, неабавязкова сістэмная. Такіх адносін, якія можна прадаць унутранаму спажыўцу, што не быў заангажаваны ў палітычныя працэсы 2020 года, але сфармаваў крытычнае стаўленне да рэжыму Лукашэнкі. Вось змякчыць гэтае крытычнае стаўленне — асноўная задача ўнутранай палітыкі.
Спачатку задушылі, запалохалі, а цяпер гэты страх варта змяніць на палітычную адаптацыю, прыняць рэальнасць такой, якая яна ёсць. Не пад прымусам, а праз уласную волю. Беларусы павінныя пагадзіцца і перагарнуць старонку”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.