Палітолаг: Мартынаў шмат зрабіў, каб размарозіць адносіны з Захадам
Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў адмовіўся ехаць на саміт "Усходняга партнёрства".
Замест яго афіцыйную дэлегацыю ўзначаліць амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.
Міжтым, палітолаг Андрэй Суздальцаў апісвае Сяргея Мартынава выключна з пазітыўнага боку, што тычыцца дасягненняў палітыка ў адносінах з Еўрасаюзам.
Андрэй Суздальцаў: “Сяргей Мартынаў увогуле займаўся Еўропай. І ён вельмі шмат зрабіў для дыялогу паміж Лукашэнкам і Захадам. І ў пачатку гэтага году прыклаў вялізныя намаганні, каб размарозіць адносіны паміж Лукашэнкам і Захадам. І фактычна прывёў да таго, што Захад прызнаў легітымнасць чацвёртага тэрміну Лукашэнкі. Ён дасягнуў нямала, улічваючы з’яўленне ў Мінску міністра замежных справаў Балгарыі”.
Тым больш дзіўным здаецца прызначэнне да ўдзелу ў саміце "Усходняга партнёрства" не міністра замежных справаў краіны, а амбасадара. Аднак магчыма, што Лукашэнку проста не задаволіў фармат "Усходняга партнёрства".
Андрэй Суздальцаў: “Ён разлічваў, што ўваход Беларусі ва "Усходняе партнёрства" забяспечыць яму пэўную легітымнасць і інвестыцыі з Захаду. Ні таго, ні другога не атрымалася”.
Акрамя таго, на думку спадара Суздальцава, афіцыйны Мінск пакрыўдзіўся на тое, што Беларусь не атрымала спрошчанага візавага рэжыму з Еўрасаюзам, як гэтага ўдалося дасягнуць, да прыкладу, Украіне.
Андрэй Суздальцаў: “Крыўдаў у Мінска адносна "Усходняга партнёрства" шмат. І ўсе гэтыя дэманстрацыі носяць характар лёгкага шантажа. Вось, вы нашыя надзеі не спраўдзілі, і мы з вамі супрацоўнічаем, калі нам зручна”.
Таксама палітолаг выказаў думку, што адносіны Беларусі з Захадам шмат у чым залежаць ад адносінаў Расіі з Захадам.
Андрэй Суздальцаў: “Беларусь не з’яўляецца суб’ектам палітыкі "Усходняга партнёрства". Гэта аб’ект. Так што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — прадукт геапалітыкі”.
Нагадаю, што саміт "Усходняга партнёрства" пачынаецца 29 верасня ў Варшаве і працягнецца два дні.