Палітвязень у судзе: "Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся"
12 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска палітвязень Сцяпан Латыпаў выступіў з моцным апошнім словам. Тэкст апублікавалі праваабаронцы. Латыпаў расказаў пра сваю сям'ю, пра рэпрэсаванага ў 1937 годзе прадзеда, пра сваё затрыманне ў верасні 2020-га, пра тое, як яго збівалі сілавікі і як ён рыхтаваўся да суіцыду.
"Уключылі радыё на ўсю гучнасць і пачалі мяне біць, — расказваў Сцяпан Латыпаў. — Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі... Выкручвалі рукі, ногі за спінай, "ластаўкай", збівалі кулакамі і далонямі па вушах... Білі дубінкай па ягадзіцах, білі так, каб сіняка не заставалася... Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся". Сілавікі казалі Латыпаву: "Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе".
Цалкам прамова палітвязня змешчана на сайце spring96.org.
Латыпава затрымалі ў пачатку восені мінулага года ў яго двары каля знакамітага мурала з "Дыджэямі Пераменаў" у Мінску. Суд пачаўся 1 чэрвеня 2021-га. У той дзень палітвязень сказаў пра катаванні і паспрабаваў учыніць суіцыд — уваткнуў у горла асадку. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: у "арганізацыі і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", у "супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў", а таксама ў "махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры". Латыпаў сваю віну не прызнае.
Пракурор просіць пакараць палітвязня 8 гадамі і 6 месяцамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам — 8700 рублёў. Прысуд абвесцяць 16 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.