Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю! (відэа)
У зняволенні ён знаходзіўся ад снежня 2010 года. Каля гродзенскай турмы Змітра сустракалі жонка і дзясяткі сяброў.
Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю Еўрарадыё пасля выхаду з-за кратаў: "Дзякуй! Адчуваю сябе добра. "Шашкі нагала" мы зараз, мітынг арганізоўваем тут... Маладафронтаўцы павінны нешта прыдумаць... Як вызвалілі? У 6.30 адчынілі дзверы і сказалі: "Давай, Дашкевіч, няма сіл цябе цярпець тут больш"... Што дапамагло вытрымаць гэтыя гады за кратамі? Госпад дапамог, каханая жонка, сябры, вернікі, усім вялізны дзякуй!"
Як у Гродне сустракалі Змітра Дашкевіча (фотарэпартаж)
***
Зміцер Дашкевіч: Нікуды з'язджаць не збіраюся
Раніцай 28 жніўня палітвязень Зміцер Дашкевіч выйшаў з гродзенскай турмы. Выпусцілі маладафронтаўца праз бакавы ўваход, дзе зняволеным перадаюць перадачы.
Сустракалі Змітра жонка, сябры і паплечнікі, якія з 12-й ночы дзяжурылі каля галоўнага ўваходу.
Зміцер Дашкевіч: “Я хачу падзякаваць за тое, што падтрымлівалі мяне: за лісты і за малітвы. Гэта вельмі адчувалася. Шмат лістоў прыходзіла з Беларусі і Еўропы. Гэта вельмі патрэбна з таго баку турмы, а ўсё астатняе — наколькі хопіць сіл".
Пра ўмовы зняволення Дзмітрый выказаўся так:
"У турме не было проста, але гэта не Калыма, дзякуй Богу. Іншыя вязні добра падтрымлівалі паўсюль. Але былі тыя, хто за кошт мяне хацеў скараціць тэрмін".
Пра планы на будучыню:
“На выхадзе сказалі, што "камера заўсёды чакае". Але я збіраюся займацца тым, чым і займаўся раней. У мяне цвёрдае перакананне нікуды не выязджаць”.
Пра тое, чаго хочацца ў дадзены момант і пра планы на сёння, Зміцер Дашкевіч сказаў так:
“Хто б мяса прынёс... У астатнім усё па плану. Што рабіць цяпер — вырашым куды і як”.
У гродзенскай турме Зміцер Дашкевіч свой тэрмін адбываў у адзіночнай камеры і, на яго думку, у “прымальных” умовах.
Дашкевіч: “Апошнюю ноч я спакойна спаў. Жыў сённяшнім днём, таму што сістэма нас ужо “вышкаліла”. Адчуваю сябе добра, здароўя вагон!”.
***
Нагадаем, што лідар незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі арыштаваныя 18 снежня 2010 года — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў і асудзілі. Затрыманне і арышт маладафронтаўцаў палітыкі і праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру запалохвання перад выбарамі.
У сакавіку 2011-га Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, нібыта, за хуліганства. У 2012-м у глыбоцкай калоніі палітвязень атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі". З восені мінулага года Дашкевіч знаходзіўся ў гродзенскай турме.
Пасля вызвалення Змітра Дашкевіча на паўгода пакінуць пад прэвентыўным наглядам. Гэта значыць, што ён павінен быць дома з 8-й вечара да 6-й раніцы, тры разы на месяц адзначацца ў міліцыі. Змітру Дашкевічу 32 гады.
Дашкевіч: Сказалі: "Давай, выходзь, няма сіл цябе тут цярпець"
Фота — bymedia.net і Еўрарадыё