"Палітычная зачыстка" на Аршаншчыне: затрымалі як мінімум 12 чалавек
Суд / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
На мінулым тыдні ў Оршы і Аршанскім раёне адбылася "палітычная зачыстка", пік якой прыпаў на 16 сакавіка. Як піша мясцовы сайт orsha.eu, міліцыя ладзіла ператрусы і затрымлівала людзей за пасты ў сацсетках. Адным з першых затрымалі мясцовага актывіста Аляксандра Школьнікава.
У Аршанскім раёне былі затрыманыя не менш за 12 чалавек, як мінімум адзін чалавек быў затрыманы ў Сянне. Мяркуецца, што затрыманні звязаныя з набліжэннем Дня Волі.
Суды над затрыманымі адбываліся 17 і 20 сакавіка. Мужчынам суд часцей за ўсё прызначаў 10 сутак — іх выпусцяць на волю 26 сакавіка. Жанчынам выпісвалі штрафы — усім па 1850 рублёў (50 базавых велічыняў).
Па звестках orsha.eu, міліцыянты не паведамляюць дакладныя звесткі пра затрыманых нават сваякам. Таксама яны адмаўляюцца перадаваць перадачы "палітычным".
Як расказвала Еўрарадыё, аналагічная "зачыстка" днямі прайшла ў Віцебску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.