Памежнікі з Пінскага атраду затрымлівалі вершнікаў на конях
Памежнікі Пінскага атрада сумесна з калегамі з украінскага Луцка затрымалі вершнікаў на конях, якія спрабавалі незаконна пераправіць жывёл ва Украіну. Аперацыя па затрыманні такіх незвычайных кантрабандыстаў адбылася ў ноч на 7 жніўня, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Дзяржаўную памежную службу Украіны.
Беларускія памежнікі выявілі групу невядомых людзей, якія ехалі конна праз дзяржаўную мяжу. Парушальнікаў спрабавалі спыніць папераджальнымі стрэламі, аднак тыя паспелі ўцячы на ўкраінскую тэрыторыю. Праз некаторы час супрацоўнікі ўкраінскай памежнай службы злавілі дваіх мясцовых жыхароў без дакументаў. Тыя прызналіся, што мелі дачыненне да перапраўкі коней з Беларусі з мэтай продажу. Пачуўшы стрэлы, жывёлы спужаліся, з пераляку скінулі вершнікаў і ўцяклі, а дзе знаходзяцца астатнія саўдзельнікі, затрыманыя не ведалі.
Цяпер па абодва бакі мяжы высвятляюць асобаў, спрычынных да перамяшчэння коней.