Памілаваны экс-кіраўнік Салігорскага раёна узначаліў калгас у Драгічынскім раёне
Былы кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі прызначаны дырэктарам дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства "Радастаўскі" ў Драгічынскім раёне Брэстчыны. Гэтыя звесткі парталу tut.by пацвердзілі на самім прадпрыемстве, дзе працуе 160 чалавек.
У ААТ "Радастаўскі" паведамілі, што Рымашэўскі кіруе з учорашняга дня. У прыёмнай дырэктара дадалі, што ён вельмі заняты, таму не можа даваць каментары.
Рымашэўскі быў асуджаны за карупцыю ў снежні 2017 года. Яму прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд таксама забараніў яму займаць кіруючыя пасады на працягу пяці гадоў і пастанавіў спагнаць з экс-старшыні 28 561 рубель.
Чыноўніка затрымалі ўлетку 2017 года пры атрыманні хабару. Праваахоўнікі сцвярджалі, што старшыня райвыканкама працяглы час злоўжываў уладай і службовымі паўнамоцтвамі, калі вырашаў пытанні па закупцы сродкаў аховы раслін, насення і запасных частак для сельгастэхнікі. Агульная сума хабару склала 16 900 долараў. У апошнім слове Рымашэўскі адмаўляў сваю віну.
Паводле інфармацыі журналістаў, Рымашэўскі быў памілаваны кіраўніком Беларусі.
Дарэчы, аграгарадок Радастава, куды яго прызначылі кіраваць, — самы буйны населены пункт у Драгічынскім раёне: сёння тут жыве больш за 1200 чалавек. У гэтай вёсцы правёў сваё дзяцінства старшыня КДБ Валерый Вакульчык.