Памочнік прэзідэнта: Ручное кіраванне эканомікай тармозіць рэформы
Структурныя рэформы прадугледжваюць змену стратэгіі, але гэта немагчыма ва ўмовах ручнога кіравання эканомікай. Такую думку выказаў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, выступаючы 23 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску “Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця”, паведамляе БелаПАН.
“Ручное кіраванне эканомікай прытупляе неабходнасць рэформ, дазваляе ручным спосабам вырашаць існуючыя праблемы, утойваць стратэгічныя памылкі, не рабіць дакладных высноў і, адпаведна, не праводзіць рэформы”, — падкрэсліў Руды.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо прыкладна “палова эканомікі прыватная, працуюць на рынку замежныя кампаніі, прысутнічаюць іншыя элементы рынкавай эканомікі”.
Пры такой структуры эканомікі ручное кіраванне не можа быць эфектыўным, мяркуе Руды.
Для таго, каб адысці ад ручнога кіравання эканомікай, на думку памочніка Лукашэнкі, трэба дэцэнтралізаваць і дэлегаваць паўнамоцтвы. А таксама раздзяліць фінансы дзяржавы і фінансы дзяржпрадпрыемстваў.
Фота: brsm.by