Памятныя шыльды ў гонар Быкава, Манюшкі, Барадуліна і Рэйтана зробяць у Мінску

Памятныя шыльды ў гонар Быкава, Манюшкі, Барадуліна і Рэйтана зробяць у Мінску

На міжнароднай выставе "Мемарыял. Каменеапрацоўка", якая праходзіць у Мінску будуць вырабленыя восем памятных шыльдаў у гонар славутых беларусаў, інфармуе БЕЛТА.

На каменных плітах будуць уганараваныя імёны кампазітара Станіслава Манюшкі, пісьменніка Васіля Быкава, паэтаў Язэпа Пушчы і Рыгора Барадуліна, шляхецкага дэпутата Сейма Рэчы Паспалітай ад Наваградскага ваяводства ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, а таксама Рудольфа і Сафіі Пішчалаў.

Шыльды будуць вырабляцца на вачах гледачоў. Гатовыя вырабы перададуць валанцёрам і прадстаўнікам грамадскіх ініцыятыў, якія ўсталююць іх у розных кутках краіны. Дзве мемарыяльныя дошкі будуць размешчыныя на магільным склепе роду Рэйтанаў ў Ляхавічах — там цяпер ідуць работы па кансервацыі і рэстаўрацыі фамільнай святыні. Мемарыяльныя шыльды ў гонар Васіля Быкава, Язэпа Пушчы і Рыгора Барадуліна з'явяцца на іх малых радзімах — у вёсках Бычкі Ушацкага раёна, Каралішчавічы Мінскага раёна, Ушачах.

На фасадзе касцёла Апекі Божай Маці ў вёсцы Каралішчавічы будзе ўсталяваная шыльда ў гонар Станіслава Манюшкі. Менавіта тут, у маёнтку графаў Прушынскіх, стваральнік першай беларускай оперы атрымаў свае першыя ўрокі ігры на органе.

У вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна з'явіцца мемарыяльная шыльда Рудольфу і Сафіі Пішчалам. Там аднаўляюць шляхецкае пахаванне рода. З імем Рудольфа Пішчалы звязаны адзін з самых вядомых будынкаў Мінска — Пішчалаўскі замак, якому хутка споўніцца 200 гадоў. Цяпер у будынку знаходзіцца СІЗА №1 МУС. 

Праект падтрымалі ГА "Беларускі камітэт ІКАМОС", "Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана", "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", а таксама гісторыкі, культуролагі і экскурсаводы.

Міжнародная выстава "Мемарыял. Каменеапрацоўка" праходзіць у Мінску 7-9 лютага. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі