Памёр былы міністр унутраных спраў БССР
Памёр былы міністр унутраных спраў БССР генерал-лейтэнант унутранай службы ў адстаўцы Віктар Піскароў, інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама. Яму было 89 гадоў. Піскароў кіраваў МУС савецкай Беларусі ў 1984-1990 гадах.
Віктар Піскароў — ураджэнец Расіі, у Беларусі апынуўся ў 1951 годзе, калі яшчэ ішла барацьба з "ляснымі братамі". Пачынаў службу ў Тураўскім раёне на Палессі. У 1967-м ён ужо стаў начальнікам Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама, а ў 1978 годзе — намеснікам міністра ўнутраных спраў БССР. У 1982 годзе Піскароў служыў начальнікам Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС СССР. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (11-га і 12-га скліканняў). З 2001-га ачольваў Савет Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.
Прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама называе Піскарова "чалавекам-легендай органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".