Памёр літаратар і журналіст Эрнест Ялугін
Памёр Эрнест Ялугін. Пра смерць 85-гадовага пісьменніка і журналіста паведамляе гісторык Алег Трусаў.
Эрнест Ялугін нарадзіўся 19 лістапада 1936 году ў вёсцы Асінаўка Дубровенскага раёну. Працаваў у крычаўскай, мсціслаўскай раённых газетах, салігорскай шматтыражнай газеце "За коммунистический труд", потым стаў літаратурным супрацоўнікам рэдакцыі "Знамя юности". Затым была "Сельская газета" і праца выяздным карэспандэнтам.
Далей у біяграфіі Ялугіна — праца карэспандэнтам, загадчыкам аддзела прозы ў газеце "Літаратура і мастацтва", пасада намесніка галоўнага рэдактара ў часопісе "Нёман". У 1991–1997 гадах Ялугін — галоўны рэдактар штотыднёвіка "Наша слова".
Эрнэст Ялугін напісаў шэраг нарысаў пра дзеячоў беларускай літаратуры і навукоўцаў. Сярод яго герояў — Васіль Быкаў, Адам Мальдзіс, Мікола Улашчык. Таксама ён аўтар дакументальнай аповесці пра жыццё і дзейнасць Цішкі Гартнага "Без эпітафіі". Апроч таго літаратар пісаў сцэнары да дакументальных фільмаў, аповесці і раманы на гістарычную тэматыку: "Камяні Млечнага шляху", "Апошні князь", "Астравы", "Год-другі ў Алжыры", "Свечкі на Дзяды", "Ідзі і кажы", "А потым — рай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.