Памёр выбітны беларускі матэматык Якаў Радына

Памёр выбітны беларускі матэматык Якаў Радына

10 снежня ў Мінску хаваюць Якава Радыну — беларускамоўнага матэматыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён памёр у 70 гадоў ад раку прастаты, паведамляе “Наша Ніва”.

Якаў Радына быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна. У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і пачаў там працаваць. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Да тэорыі лінейных ураўненняў у тапалагічных вектарных прасторах”. У 1987 годзе — доктарскую дысертацыю “Экспаненцыяльныя вектары і дыферэнцыяльныя ўраўненні”. З 1975 года — загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ.

Радына распрацаваў якасную тэорыю лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з рэгулятарнымі аператарамі ў лакальна-выпуклых прасторах. Увёў паняцце вектара экспаненцыяльнага тыпу і на яго аснове пабудаваў функцыянальны падлік, які ўжываецца пры даследаванні дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-аператарных ураўненнях. Пабудаваў (разам з А.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый (мнемафункцый).

Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі “Руска-беларускага матэматычнага слоўніка” (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі “Матэматычнай энцыклапедыі” (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.

Аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

На пачатку 1990-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч.

Cын Якава Радыны таксама выкладае матэматыку ў БДУ па-беларуску. Яго ўнучка вучыцца на выдатна ў беларускамоўным ліцэі імя Якуба Коласа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі