Папраць рэчы ў пралцы — 1 800 рублёў, пакатацца на ліфце — 1 300

Папраць рэчы ў пралцы — 1 800 рублёў, пакатацца на ліфце — 1 300

Жыроўкі з новымі коштамі паспелі не на жарт напужаць беларусаў. Некаторыя плацяць па два мільёны за месяц! Падлічым, колькі каштуе памыцца, папраць ды прыгатаваць ежу.

Ліфт у шматпавярховіках па новых тарыфах каштуе амаль як грамадскі транспарт. За месяц карыстання жыхар дзевяціпавярховіка ў мінскай Малінаўцы аддае 78 тысяч. 

Гэта як праязны на тралейбус на дэкаду. Калі катацца па два разы на дзень, выходзіць 1300 за паездку. Столькі каштаваў жэтончык на метро восенню 2011-га года. Кантралёраў у ліфце пакуль няма.

Уладальнікі пральных машын аддадуць за адно пранне каля 1882 разам з платай за ваду і кілаваты энергіі. А пасля падаражання вады да 8914 за куб, будуць плаціць больш за дзве тысячы.

Прыняць ванну зацягне на 710 рублёў па сённяшніх тарыфах на ваду, ці 886 рублёў пасля падаражання. Душ абыдзецца танней — каля 500 рублёў па будучых коштах. Але ў месяц ужо 30 тысяч, калі хадзіць па два разы на дзень. Цяпер танней мыцца ў гасцях ці, напрыклад, у спартзале пасля трэніроўкі.

Ускіпяць вады ў чайніку, каб выпіць кавы — 173 рублі за раз ці 15 тысяч на месяц, калі піць тры разы ў дзень. Пакуль танней, чым у кавярні.

Зварыць два літры баршчу на газавай пліце — 897 рублёў, разагрэць яго у мікрахвалёўцы на наступны дзень — 175 рублёў.

Паглядзець навіны па тэлевізары ўвечары каштуе 130 рублёў, калі глядзець увесь 40-хвілінны выпуск, дзе вам распавядуць пра падаражанне паслуг ЖКГ.

Папрасаваць штаны цяпер каштуе 475 рублёў, а пасушыць валасы фенам пасля душа цягам 10 хвілін — 197. Але хутка лета, валасы будуць сохнуць самі.

І нарэшце, пакуль вы чыталі гэты матэрыял на стацыянарным камп'ютары, патрацілі 163 рублі. Калі чыталі з ноутбука, толькі 7 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі