Папраўкі аб адказнасці за рэабілітацыю нацызму прынятыя ў другім чытанні
Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія вызначаюць крымінальную адказнасць за публічную рэабілітацыю нацызму. Як адзначае БЕЛТА, у першым чытанні іх прымалі ў законапраекце "Аб змяненні законаў у пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму".
Таксама сёння парламент прыняў у другім чытанні папраўкі ў закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". У новай рэдакцыі закона ўдакладняюцца тэрміны "рэабілітацыя нацызму", "нацысцкая сімволіка і атрыбутыка". Вызначаная працэдура падрыхтоўкі пераліку арганізацыяў ды іншых структураў, сімволіка якіх прызнаецца нацысцкай.
Законапраект вызначае забарону на рэабілітацыю нацызму, прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд і захоўванне з мэтай распаўсюду нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.
Раней праект закона ішоў у адным пакеце з папраўкамі аб змяненні КК і КаАП. У КаАП распрацоўшчыкі законапраекта прапаноўвалі прадугледзіць адміністратыўную адказнасць за прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд, захоўванне і набыццё з мэтай распаўсюду сімволікі або атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў, а таксама за захоўванне і набыццё з мэтай распаўсюду нацысцкай сімволікі. Адначасова законапраектам прадугледжвалася ўвесці адказнасць за такія правапарушэнні, здзейсненыя паўторна цягам года пасля накладання адміністратыўнага спагнання. Штраф прадугледжваўся ўдвая большы.