Папулярная кавярня “Мануфактура” праз тыдзень з’едзе з дома па вуліцы Маркса
Дом №17 па вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Мінска знаходзіцца ў аварыйным стане і яго тэрмінова павінны пакінуць усе — і жыхары, і арандатары памяшканняў. Такое заключэнне далі спецыялісты прадпрыемства “Будрэканструкцыя”. Рамонтныя працы павінны пачацца ўжо 25 верасня і да гэтай даты ў доме нікога не павінна застацца.
“Мы працуем апошні тыдзень — у панядзелак 24 верасня пачнём збіраць усё абсталяванне, каб перавезці яго і адчыніцца на новым месцы”, — распавялі Еўрарадыё супрацоўнікі “Мануфактуры”.
Куды пераязджаюць, “мануфактуршчыкі” пакуль не кажуць. Як і не могуць адназначна сказаць, ці вернуцца на старое месца.
“Вы ж разумееце, цяпер нам кажуць, што рамонтныя працы завяршацца цягам месяца, але ж у нас часцей за ўсё бывае так, што абяцаны месяц можа цягнуцца і два, тры, і нават больш часу”, — кажуць у “Мануфактуры”.
Больш складаная сітуацыя з жыхарамі дома — яны пераязджаць у “падменныя кватэры” нават часова не хочуць. Прычыны дзве, распавядае Еўрарадыё жыхар дома №17 Сяргей Ляднёў: людзі баяцца пакідаць без нагляду сваю маёмасць і асцерагаюцца, што іх, прызнаўшы дом непрыдатным для пражывання, хочуць перасяліць у іншае месца.
Мясцовыя ўлады на нежаданне людзей пакідаць свае кватэры адрэагавалі прадказальна: па словах кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Пятра Шостака, у бліжэйшыя два дні будзе пракурорам раёна будзе выдадзенае прадпісанне аб прымусовым высяленні людзей.
Еўрарадыё працягвае сачыць за развіццём падзей.