У партала ABW.BY змяніліся ўладальнікі
Партал ABW.BY прысвечаны аўтамабілям, ілюстрацыйнае фота
У аўтамабільнага партала ABW.BY, які ў лістападзе мінулага года развітаўся з чытачамі, змяніліся ўладальнікі. Пра гэта днямі паведамілі ў рэдакцыі ABW.BY, а таксама пра тое, што аднаўляюць працу. "Зеркало" высветліла, што цяпер парталам валодаюць Аляксей Мартыноўскі і Аляксей Цвірка, кожнаму з іх належыць доля ў 50%. У 2021 годзе іх называлі ўладальнікамі фірмы WestMotors, якая займалася дастаўкай у Беларусь аўтамабіляў з-за мяжы.
На сайце па-ранейшаму значыцца, што партал належыць кампаніі "Бонусторг". Але калі раней кампаніяй валодалі Святлана Асташэнка (90,1%) і "Сливки бай" (9,9%), то цяпер Мартыноўскі і Цвірка.
Нагадаем, летам 2022 года былі затрыманыя некалькі супрацоўнікаў партала. У студзені 2023 года галоўнага рэдактара ABW.BY Юлію Мудрэўскую асудзілі на 1,5 года калоніі за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", а рэдактара спецпраектаў партал Юрыя Гладчука — на 2,5 года калоніі. Мінулай восенню стала вядома пра затрыманне дырэктара партала Віталя Палякова. На відэа сілавікоў ён казаў, што "браў удзел у акцыях пратэсту".
У лістападзе на сайце ABW.BY з'явіўся развітальны ліст калектыву праекта пад назвай "ABW.BY: замест эпілогу". Рэдакцыя падзякавала сваім чытачам за адданасць, рэкламадаўцам — за давер, а экспертам, прадстаўнікам ДАІ і іншых ведамстваў — за супрацоўніцтва і магчымасць рыхтаваць цікавыя і карысныя матэрыялы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.