Партыя БНФ прапануе ўраду пазбавіцца ад расійскіх вайсковых аб'ектаў
Партыя БНФ прапануе беларускаму ўраду пазбавіцца ад расійскіх вайсковых аб'ектаў у нашай краіне (у раёне Ганцавічаў і Вілейкі). Партыйны Сойм прыняў адмысловую заяву, у якой нагадвае, што ў 2020 годзе заканчваецца 25-гадовы тэрмін арэнды па дамовах, якія былі падпісаныя ў 1995-м урадамі Беларусі і Расіі. Фронтаўцы іх лічаць памылковымі.
"Размяшчэнне стратэгічнай інфраструктуры расійскага войска ў Беларусі супярэчыць дзеючай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, не служыць інтарэсам беларускага народу і робіць нашую краіну першаснай мішэнню ў выпадку вайсковага канфлікту Расіі з іншымі краінамі, што валодаюць зброяй масавага знішэння", — гаворыцца ў заяве. Асабліва гэта стала актуальным пасля падзеяў у Крыме і на ўсходзе Украіны, калі "павялічылася рызыка ўдзелу Расіі ў буйнамаштабных вайсковых канфліктах". Беларусь у такой сітуацыі "робіцца міжвольным закладнікам".
Сойм Партыі БНФ падкрэслівае, што надзеі на "эканамічную мэтазгоднасць" размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб'ектаў аказаліся няслушнымі — рэгулярна адбываюцца канфлікты ў справе паставак газу, нафты, прадуктаў і г. д.
Партыя БНФ нагадвае, што ў пачатку 2019 года заканчваецца тэрмін, калі Беларусь можа заявіць пра нежаданне працягнуць тэрмін арэнды згаданых аб'ектаў (паводле дамовы, трэба паведаміць за год да заканчэння яе дзеяння). Фронтаўцы не выключаюць, што "за спінай народа Беларусі" могуць ісці перамовы пра працягненне арэнды. Яны лічаць катэгарычна непрымальнай "адсутнасць публічнай інфармацыі пра далейшы лёс гэтых аб'ектаў ад уладаў Беларусі". Сойм Партыі БНФ абвяшчае інфармацыйную кампанію супраць працягнення тэрміну арэнды для расійскіх вайсковых аб'ектаў. І прапануе ўладам Беларусі адкрыта заявіць ураду Расіі, што арэнда не будзе працягнутая.
У раёне Вілейкі знаходзіцца вузел сувязі ваенна-марскога флоту Расіі (радыёстанцыя "Антэй"), каля Ганцавічаў — радыёлакацыйная станцыя "Волга" (вузел "Баранавічы").