Партыя БНФ сёння вызначыць новага кіраўніка

Партыя БНФ сёння вызначыць новага кіраўніка

Партыя БНФ сёння, 30 верасня, правядзе чарговы з’езд, на якім вызначыць новага кіраўніка арганізацыі. Цяперашні старшыня партыі Аляксей Янукевіч адбыў на гэтай пасадзе два тэрміны запар і больш не можа вылучацца ў кіраўнікі — такое правіла ёсць у статуце арганізацыі.

Па пасаду лідара Партыі БНФ прэтэндуюць пяць чалавек. Першы з іх — актывіст і шматдзетны бацька Ілля Дабратвор, які не мае сталай працы, спрабаваў балатавацца ў прэзідэнты яшчэ ў 2010 годзе і не размаўляе па-беларуску.

Другая прэтэндэнтка — полацкая актывістыка партыі Вольга Дамаскіна. Удзельнічала ў парламенцкіх выбарах 2016 года. Раней працавала загадчыцай у філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніку — Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я. Праз удзел у выбарах з ёй не працягнулі кантракт. Цяпер Дамаскіна працуе адміністратарам у салоне прыгажосці.

Трэці прэтэндэнт — Рыгор Кастусёў, які ўдзельнічаў у якасці кандыдата ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.  Быў затрыманы разам з іншымі кандыдатамі пасля падзеяў на Плошчы, але правёў у СІЗА КДБ толькі адну ноч і не трапіў пад суд па справе аб “масавых беспарадках”. Кастусёва лічаць найбольш верагодным пераемнікам Янукевіча.

Чацвёрты прэтэндэнт — Ігар Лялькоў, намеснік старшыні Партыі БНФ. Займаўся навуковай дзейнасцю. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах асабіста падтрымліваў Таццяну Караткевіч, нават калі партыя адмовілася ад гэтай падтрымкі.

Прадпрымальнік Алесь Таўстыка з’яўляецца пятым кандыдатам на пасаду старшыні Партыі БНФ. Раней прымаў удзел у многіх прадпрымальніцкіх пратэстах. Спрабаваў узначаліць рух “За Свабоду”, але яго не падтрымалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі