Пашынян сыходзіць, каб вярнуцца

Фота: Reuters
Фота: Reuters

Чаму сыходзіць Пашынян?

 

Пра неабходнасць адстаўкі армянскі лідар заявіў на пачатку кастрычніка на фоне новай хвалі палітычнага крызісу ў краіне, а на мінулым тыдні ён абвясціў, што адстаўка адбудзецца не пазней за 16 кастрычніка.

"Сёння важны дзень, і Рэспубліка Арменія выходзіць на новы гістарычны этап, асноўны сэнс якога можна рэзюмаваць наступным чынам: па выніках гэтага этапу трэба давесці да канца негвалтоўную аксамітную народную рэвалюцыю, якая адбылася ў Арменіі вясной", — сказаў Пашынян, раніцай 16 кастрычніка, выступаючы перад пачаткам пасяджэння ўрада.

Паводле працэдуры, на працягу сямі дзён пасля адстаўкі прэм'ера парламент павінен будзе абраць новага прэм'ера. І калі абранне двойчы праваліцца, па законе, у краіне павінны быць праведзеныя пазачарговыя парламенцкія выбары.

 

Для чаго патрэбныя выбары?

 

Да таго часу, як у Арменіі адбылася "аксамітная рэвалюцыя", яна паспела перайсці да парламенцкай сістэмы кіравання (гэта адбылося на леташніх выбарах у парламент). У выніку "аксамітнай рэвалюцыі" да ўлады прыйшла палітычная сіла, у якой няма большасці ў парламенце. Яе лідар Нікол Пашынян узначальвае ўрад, але парламент мае магчымасць блакаваць яго рашэнні. "Парламент не адлюстроўвае волю народа", — так армянскія эксперты характарызуюць "дарэвалюцыйныя" палітычныя сілы, якія дамінуюць у заканадаўчым органе.

 

Пра што спрачаюцца палітычныя апаненты?

 

З неабходнасцю датэрміновых выбараў у парламент згодныя ўсе палітычныя сілы. Але дамовіцца пра тэрміны ў іх не атрымліваецца. Нікол Пашынян імкнецца іх правесці ў першай палове снежня, супраць чаго выступілі тры з чатырох парламенцкіх фракцый. Эксперты мяркуюць, што апаненты Пашыняна цягнуць час, спадзеючыся, што яго рэйтынг ўпадзе.

 

Чаму зноў пачаўся палітычны крызіс?

 

Былая кіруючая Рэспубліканская партыя нават ініцыявала і правяла ў парламенце законапраект, які фактычна блакаваў роспуск Нацыянальнага сходу. Менавіта гэта справакавала палітычны крызіс у краіне. Тады Пашынян звярнуўся да ўжо выпрабаванага метаду — ён паклікаў людзей выйсці на вуліцы і неўзабаве натоўп яго прыхільнікаў атачыў будынак парламента.

Пасля гэтага пачаліся перамовы прэм'ер-міністра з парламенцкімі сіламі, якія прывялі да падпісання мемарандума аб правядзенні пазачарговых парламенцкіх выбараў у снежні. Такім чынам, прэм'ер-міністр заручыўся неабходнай колькасцю галасоў, і якіх-небудзь перашкод для правядзення выбараў у снежні не застаецца.

Па матэрыялу JAMnews.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі