Пасланне Лукашэнкі пераносяць: не паспяваюць з тэкстам ці мяняюць акцэнты?
Перанос паслання кіраўніка краіны адбываецца ўжо не першы раз.
Пасланне кіраўніка краіны народу і Нацыянальнаму сходу могуць перанесці на тыдзень. Такая неафіцыйная інфармацыя з’явілася 20 красавіка. У размове з карэспандэнтамі Еўрарадыё дэпутаты Палаты прадстаўнікоў паведамілі, што 22 красавіка раз'язджаюцца па акругах.
Еўрарадыё пацікавілася ў экспертаў, з чым можа быць звязаны такі перанос. На думку эксперта Сяргея Чалага, у гэтым не варта шукаць нейкага палітычнага падтэксту. Проста не паспяваюць падрыхтаваць тэкст.
“Гэта тэхнічны момант. Ужо бывалі такія выпадкі, калі нават на два тыдні пераносілі. Не паспяваюць своечасова”, — кажа Чалы.
У палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага ёсць яшчэ адна версія пераноса паслання: у Мінску чакаюць рэакцыі Крамля і ЕС на адмову Лукашэнкі ехаць 9 мая ў Маскву.
“Гэта можна разглядаць, як версію. Калі сапраўды будзе перанос даты паслання, напэўна, яго можна будзе патлумачыць складанай каньюнктурай і манёўрамі афіцыйнага Мінска напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў Маскве і самміта Усходняга партнёрства ў Рызе. Сёння Лукашэнка набраў балы ў вачах Захаду. Яго адмова ехаць у Маскву таксама спрыяе атрыманню дывідэндаў на заходнім кірунку. Але застаецца пытанне, каго запросяць на саміт у Рыгу і як адрэагуе Масква. Таму такая паўза можа быць апраўданая, каб паглядзець, як будуць сябе паводзіць два геапалітычныя цэнтры, і расставіць акцэнты ў пасланні”.
Нагадаем, што з афіцыйным пасланнем кіраўнік дзяржавы мусіў выступіць 22 красавіка. Тым часам ужо з'явіліся паведамленні, што 22-24 красавіка адбудзецца першы афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Тбілісі.
Фота — allby.tv