Пасля чэмпіянату пакінуць англійскую ў метро і зону гасціннасці на Нямізе

“Каля Палаца спорту будзе працаваць “Гандлёвы дом на Нямізе” са сваім вялікім намётам да канца летняга перыяду. Пакуль мы прапануем рэжым працы з 11 да 22 гадзін, а ў суботу і нядзелю з 9 да 22. Але гэта пакуль праект рашэння, пакуль не зацверджаны”, — тлумачаць ва Упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Скарочаную зону, на 300 месцаў пакінулі, бо “запатрабаваная ў насельніцтва”. За 17 дзён чэмпіянату каля Палаца спорту прадалі 96 тысяч літраў беларускага піва, з’елі 20 тон шашлыку і зарабілі 1,8 мільёна долараў.

Замежнае піва ў сталічныя крамы вярнуць. “На сённяшні момант забароны няма”, — загадкава адказваюць ва Упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. Але не ўдакладняюць, ці была такая забарона падчас чэмпіянату, бо два тыдні ў буйных крамах замежнага піва не было.

У аўтобусах і метро, як і падчас чэмпіянату, будзе гучаць: “next station is …”: дубляванне прыпынкаў на англійскай пакінуць, абяцаюць у "Мінсктрансе".

“Абвяшчэнне прыпынкаў з выкарыстаннем транслітарацыі пакуль застаецца”, — кажуць Еўрарадыё ў "Мінсктрансе".

Парадная чэмпіянатная форма ў кіроўцаў наземнага транспарту таксама застанецца. Праўда, у першы дзень пасля спаборніцтваў Еўрарадыё яе не заўважыла на кіроўцах.

Кіроўца ў тралейбусе. 26 траўня.

Студвёску, дзе жылі заўзятары, ужо засяляюць студэнтамі. У інтэрнат БДУ заехалі першыя 10 чалавек.

“Там няма ніякай шкоды, культурна жылі заўзятары, праблем не было. Сёння 10 чалавек ужо перасяліліся назад”, — падлічваюць у студгарадку БДУ.

А БДУІР, які таксама аддаваў інтэрнат для заўзятараў, засяляе студэнтаў толькі з наступнага тыдня.

Калі адкрыецца гатэль “Кэмпінскі”, які па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі мусіў быць гатовы да 1 траўня, у кампаніі-забудоўшчыку адказаць не могуць.

“Пакуль гэта невядома, шчыра кажучы”, — каротка адказваюць у кампаніі “Эліт-эстейт”.

А першапачаткова здаць гасцініцу планавалі ў снежні 2013 года. Спазняюцца… на паўгода. Дзяржкантроль, куды звярнулася Еўрарадыё, будоўлю пакуль не правяраў.

“Мы не рабілі спецыяльных дзеянняў па гэтых фактах. Гэтым Мінгарвыканкам займаецца”, — тлумачаць у Дзяржкантролі.

Чэмпіянат свету па хакеі завяршыўся ў Мінску 25 траўня. Беларусь заняла ў спаборніцтвах 7-е месца.

Фота: belta.by  На фота - зона гасціннасці падчас чэмпіянату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі