Пасля дэнамінацыі заробкі пераразлічаць да капейкі
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі выступіла з тлумачэннем, як будуць пералічвацца заробкі і выплаты пасля дэнамінацыі.
Як вядома, дэнамінацыя адбудзецца 1 ліпеня 2016 года. Грошы ўзору 2000 года будуць мяняцца на грошы ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 старых рублёў на 1 новы.
Адпаведна, усе базавыя выплаты, вызначаныя нарматыўнымі прававымі актамі ў лічбавых памерах, падлягаюць змяншэнню ў 10 000 разоў.
Акругленне паменшаных памераў будзе рабіцца з улікам двух знакаў пасля коскі да найменшага наміналу. Ад 1 ліпеня найменшым наміналам будзе адна капейка. Пры гэтым калі трэцяя лічба пасля коскі большая або роўная 5, то другая лічба пасля коскі павялічваецца на адзінку. А калі трэцяя лічба пасля коскі меншая за 5, то павелічэнне не праводзіцца.
Гэтае акругленне закране павышэнні, надбаўкі, даплаты, прэміі ды іншыя элементы заробкаў, пенсій, аднаразовах выплат і г.д.
Пры пераліку здзельных расцэнак колькасць знакаў пасля коскі наймальнік будзе вызначаць самастойна. Памер налічанага заробку на аснове здзельных расцэнак пералічваецца да двух знакаў пасля коскі.