Пасля масавых звальненняў на мінскім малаказаводзе №1 мяняюць кіраўніцтва
На мінскім гармалаказаводзе №1 звальняюць дырэктара. Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын прыехаў на прадпрыемства, каб улагодзіць канфлікт, піша onliner.by.
Як распавядала Еўрарадыё, на прадпрыемстве людзі пачалі масава звальняцца пасля таго, які кіраўніцтва ўвяло ўсеагульную матэрыяльную адказнасць.
Паводле звестак onliner.by, новы працоўны дагавор (з матэрыяльнай адказнасцю) не падпісалі мінімум 94 чалавекі, звольніліся 63 работнікі.
Пасля візіту кіраўніцтва аблвыканкама, на заводзе памяняюць кіраўніка. Сваю пасаду пакіне Дзмітрый Главінскі, які стаў дырэктарам холдынгу ў красавіку 2020 года. Да таго ён два з паловай гады кіраваў іншым холдынгам — "Бабушкіна крынка", а перад тым быў першым намеснікам дырэктара "Белрыбы".
Сёння работнікам прадпрыемства павінныя назваць новага гендырэктара.
Гендырэктар "Мінаблмясамалпрама" Сяргей Некрашэвіч кажа, што кіраўніцтва ГМЗ №1 не афішавала свае дзеянні. "На радзе мы прапануем скасаваць пастанову аб увядзенні калектыўнай адказнасці і аднавіць на працы тых звольненых, хто жадае вярнуцца. Падрыхтаваны спіс усіх супрацоўнікаў — мы будзем з кожным звязвацца", — заяўляе чыноўнік.
Галоўнай памылкай Главінскага ён назваў "адсутнасць зносін з працоўным калектывам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.