Пасля разгону вулічнай акцыі ў Тбілісі каля парламента зноў з'явіліся намёты
Пасля разгону вулічнай акцыі ў Тбілісі каля парламента зноў з'явіліся намёты. Раніцай 19 лістапада там сабраліся некалькі дзясяткаў апазіцыянераў. Яны маюць намер працягваць акцыі да перамогі. Напярэдадні спецназ разагнаў антыўрадавы мітынг, удзельнікі якога блакавалі ўсе ўваходы ў парламент. Выкарыстоўваліся вадамёты і слёзацечны газ. Як інфармуе newsgeorgia.ge, былі затрыманы 37 чалавек. Сёння над імі пройдуць суды, затрыманых вінавацяць у "дробным хуліганстве" і "непадпарадкаванні законным патрабаванням органаў правапарадку". Апазіцыянеры плануюць збірацца і каля судоў.
Вядома пра чатырох пацярпелых падчас разгону, двое з іх — паліцэйскія.
Апазіцыйныя сілы і грамадскія актывісты пратэстуюць супраць дзеянняў парламента Грузіі, які праваліў галасаванне па канстытуцыйных зменах, і парламенцкія выбары 2020-га не пройдуць па прапарцыйнай сістэме з нулявым выбарчым бар'ерам (за змены прагаласаваў 101 дэпутат, а патрэбныя былі 113 галасоў). Змены яшчэ ў пачатку лета апазіцыі абяцалі ўлады. З 14 лістапада праходзяць бестэрміновыя акцыі пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.