Пасля Тэхасу "Тыгравыя Лілеі" не баяцца выступаць нават у Беларусі

У нядзелю Мінск чакае цырк і кабарэ, і сусветныя скандалы. Называецца гэта ўсё “Тыгравыя Лілеі”, трыа з Лондану, якое зараз актыўна вандруе з турам па свеце і – слава нашаму прамоўтэру Папу Бо – давандруе і да Мінска.Усё адбудзецца у нядзелю, 10 красавіка ў 19:00 у клубе “Рэактар”, а зараз на хвалях Еўрарадыё адбудзецца трансляцыя інтэрв’ю з галоўным вакалістам гурта Марцінам Жакам. Наша музычная інтэрв’юерка Міла Котка датэлефанавалася да Марціна ажно ў Грэцыю!


Еўрарадыё: Марцін, вы ўпершыню едзеце ў Беларусь. Цікава, як вы пагадзіліся даць канцэрт у нас?

Марцін: А мы пагаджаемся выступаць усюды, куды нас запрашаюць. Гэта ж нашае жыццё і праца.

Еўрарадыё: Але ці ў курсе вы беларускай сітуацыі – палітычнай, эканамічнай, культурнай..?

Марцін: Не зусім... Вядома, я чытаю газеты час ад часу, але не ў тым аб’еме, як гэта робяць астатнія. Таму я не магу сказаць, што я эксперт па палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Еўрарадыё: У нас зараз фішка “цікавая” – калі музыка кажа што-небудзь крытычнае у бок нашай улады, яго канцэрт у Беларусі адмяняюць. Вы не хочаце паэксперыментаваць?

Марцін: Ого, я пра гэта не ведаў. Але ж я ўсё роўна не магу нічога крытычнага сказаць, бо папросту нічога не ведаю. Магчыма, трэба было б ведаць...

Еўрарадыё: Тады давайце пагаворым пра тое, што вы ведаеце, а мы не: што вы збіраецеся сыграць у Беларусі?

Марцін: У асноўным гэта будуць песні з майго новага тэатральнага праекту, якія мы збіраемся паказаць восенню ў Вене. П’еса была напісаная ў 1820 вядомым нямецкім драматургам. І я напісаў песні для гэтага спектаклю. Гэтыя песні я збіраюся запісаць акурат пасля майго туру па Расіі, Украіне і Беларусі.

Еўрарадыё: Вы разлічваеце на падрыхтаваную публіку?

Марцін: Не, пра гэта публіка наўрад ці ведае, нават зусім не ведае. Яны будуць чакаць песень “Тыгравых Лілей”, і іх яны атрымаюць. Але ў дадатак я прэзентую і гэтыя песні з тэатральнага праекту.

Еўрарадыё: Наколькі мы ведаем, вы знаёмыя з творчасцю як мінімум двух беларускіх гуртоў – “Гурзуф” і “Серебряная Свадьба”. Што вы можаце сказаць пра гэтыя гурты?

Марцін: Яны мне вельмі падабаюцца! Асабліва “Гурзуф” з акардэонам. Мы гралі разам мінулым летам на фестывалі ў Швейцарыі. І я лічу, іх выступ быў цудоўны.

Еўрарадыё: На вашым канцэрце не будзе разагрэву, але калі б быў, каго б вы хацелі?

Марцін: Ведаеце, звычайна мы робім канцэрт з двума аддзяленнямі, і таму граем без разагрэву. Гукарэжысёр можа сканцэнтравацца выключна на нашай музыцы, гэта больш зручна.

Еўрарадыё: І крыху эгаістычна?..

Марцін: (смяецца) М-м-м, магчыма.

Еўрарадыё: У вас шмат супольных праектаў, з найбліжэйшымі да нас – гэта з гуртом “Ленінград”. А ці можа быць, што і з беларускімі гуртамі нешта зробіце супольнага?

Марцін: Гэта было б цікава. Мы сапраўды любім супрацоўнічаць з рознымі артыстамі і цікавымі людзьмі.

Еўрарадыё: А што для вас “цікава”? Па якіх крытэрыях вы выбіраеце?

Марцін: Ох, гэта вельмі складанае пытанне! Нават не ўпэўнены, што на яго можна адказаць. Звычайна ты слухаеш што-небудзь, і гэта падаецца табе цікавым. Але чаму? Розныя крытэрыі. Часам таму, што гэта вельмі арыгінальна, часам таму, што вельмі прыгожа. Але гэта ўсё залежыць ад канкрэтнага артыста. Мне падаецца, увогуле мастацтва немагчыма вызначыць. Мне і вам, і ўсім у свеце падабаюцца пэўныя гурты, мастакі, тэатральныя пастаноўкі, але, мне падаецца, ніхто не зможа патлумачыць, чаму менавіта яму гэта падабаецца.

Еўрарадыё: Але калі казаць пра вашу любоў да “Ленінграду”, вас яны прывабілі, магчыма, сваёй “бруднасцю”? Можа “бруднасць” – адзін з вашых крытэрыяў?

Марцін: Эх, так, гэта праўда. Бруднасць нам падабаецца. Але “Ленінград” яшчэ і вясёлыя, і Шнураў вельмі харызматычны чалавек.

Еўрарадыё: Значыць, можна сказаць, што мы знайшлі тое, што прываблівае вас больш за ўсё? 

Марцін: Ну, не зусім. Мы супрацоўнічалі таксама з Хронас Квартэтам – гэта група фантастычных музыкаў, і пра іх зусім немагчыма сказаць, што яны “брудныя”.



Еўрарадыё: Колькі і якіх касцюмаў вы вязёце ў Мінск?

Марцін: Я прывязу толькі свой вельмі тэатральны макіяж, а вопратка будзе звычайная, такая, у якой я на вуліцы хаджу.

Еўрарадыё: А што наконт астатніх удзельнікаў гурта?

Марцін: Амаль тое ж самае, але ў іх будуць спецыяльныя капелюшы і касцюмы, але гэта тыя ж, якія вы маглі бачыць на ўсіх канцэртах, яны не змяняюцца.

Еўрарадыё: Дарэчы, ці шмат вашых фанатаў, якія прыходзяць на канцэрт, “апранаюць” такі ж макіяж, як і вы?

Марцін: Так! Некаторыя так робяць, і гэта вельмі весела. Апошнім разам, калі мы гралі ў Вене, “мяне” было адразу двое ў зале. Але тыя двое былі са старым макіяжам, старым стылем, які я выкарыстоўваў год таму. А на той канцэрт я ўжо змяніў стыль. Але ўсё роўна было весела. Я нават сфатаграфаваўся з гэтымі хлопцамі – адзін такі высокі быў, другі худы-худы. Мне падабаюцца такія рэчы.


Еўрарадыё: Пытанне наконт вашых тураў. Цікава, чаму ў вас так шмат канцэртаў у Расіі?

Марцін: Як я ўжо сказаў, мы граем усюды. І калі наш агент кажа, што ў нас будзе 7 канцэртаў у Расіі, дык чаму і не? Гэта таксама прыгода – граць у гарадах, дзе ты раней не быў. Мінск, дарэчы, такой прыгодай і будзе.

Еўрарадыё: Што вы хочаце ўбачыць у Мінску апроч клуба, у якім вы будзеце граць?

Марцін: У нас не будзе шмат часу, мы вылятаем раніцай, адразу пасля канцэрту. Гэты тур увогуле вельмі шчыльны, прылятаем-адлятаем, прылятаем-адлятаем. І паглядзець штосьці ўжо не застаецца часу. Магчыма, мне трэба некалі вярнуцца ды паглядзець горад нармальна, не ў спешцы. Але насамрэч, я і не ведаю, што цікавага ёсць ў Мінску. Трэба ведаць, каб хацець пабачыць. Вось еду я ў Лондан, ведаю што там ёсць знакамітая лонданская вежа, і магу ўжо пачынаць думаць ці хачу я яе пабачыць, ці не. А пра Мінск я, шчыра, зусім нічога не ведаю. Адзінае, спадзяюся, што ўбачу што-небудзь, што мне спадабаецца.

Еўрарадыё: Ці не баіцеся выступаць перад незнаёмай аўдыторыяй, у месцы, пра якое нічога не ведаеце?

Марцін: Не, зусім не. Я граў у Тэхасе ў Амерыцы, якое там баюся... Увогуле, артыст не мусіць баяцца. Калі баіцца – трэба мяняць прафесію. Ну і звычайна людзям падабаецца тое, што я раблю. Але прызнаюся, гэта дастаткова складана, выступаць перад аўдыторыяй, дзе 90% любяць цябе, а ёсць 10%, якім ты не падабаешся.

Еўрарадыё: Арганізатары вашага канцэрту ў Мінску зладзілі вялікі прамоўшн і выпускаюць адзін за адным відэаролікі, дзе розныя беларускія музыкі тлумачаць беларусам, чаму варта пайсці на канцэрт “Тыгравых Лілеяў”. Прабачце, але ў Беларусі шмат людзей, якія яшчэ вас не ведаюць...

Марцін: (смяецца) Я разумею, што я не Мадонна!

Еўрарадыё: Дык вось, музыкі падбіраюць розныя метафары і прыёмы, каб прыцягнуць людзей на канцэрт. А вы самі што б маглі сказаць, каб на вас прыйшоў той, хто дагэтуль вас не слухаў?

Марцін: Ой, я так не люблю такіх пытанняў. Я не люблю сябе “прадаваць”. Адзінае, што магу сказаць – паглядзіце любы ролік “Тыгравых Лілеяў” на ютубе. Калі вам падабаецца – прыходзьце. Калі не – не прыходзьце. Вось і ўсё!


Нагадаем, што канцэрт “Лілеяў” у Мінску вы яшчэ не праміргалі – ён будзе 10 красавіка, у нядзелю, у клубе “Рэактар”.

Фота: з сайту tigerlillies.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі