Пасля выказвання Пуціна пра этыкеткі ў Беларусі правялі расследаванне
Беларускія вытворцы кажуць, што была дапушчаная нядбайнасць, а не рээкспарт.
Нагадаем, падчас нядаўняга мінскага саміта расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін гаварыў пра пагрозу рээкспарта тавараў з ЕС пад выглядам беларускіх ці ўкраінскіх. "Вось напісана: краіна паходжання — Беларусь. Налепку сарвалі — Польшча", — гаварыў ён і дэманстраваў фотаздымкі.
Газета "СБ. Беларусь сегодня" правяла расследаванне. У сялянскай фермерскай гаспадарцы "Грыбная краіна" ў Баранавіцкім раёне, якая займаецца вырошчваннем шампіньёнаў, патлумачылі скандальную гісторыю з упакоўкамі. Аказваецца, яны выкарыстоўваюць упакоўкі, набытыя ў гандлёвых сетак. Гэта і тара ад айчынных тавараў, і ад імпартных. Старыя этыкеткі здымаюцца, але ў згаданым выпадку нейкі працаўнік палянаваўся гэта зрабіць.
Адзін з пакупнікоў — прадпрымальнік з Ліды — пачаў прадаваць прадукцыю "Грыбной краіны" невялікімі партыямі рэстаратарам з Ніжняга Ноўгарада. І калі пасля ўвядзення "антысанкцый" расійскія мытнікі праверылі прадукцыю, то знайшлі там "этыкеткі з ЕС". Выданне сцвярджае, што гэта проста нядбайнасць, а рээкспарту не было.
Адзначаецца, што на баранавіцкае прадпрыемства з Польшчы завозіцца толькі "грыбніца", а самі шампіньёны вырошчваюцца ў Беларусі (штомесяц — 200 тон).
Пасля скандалу было вырашана адмовіцца ад выкарыстання "зваротнай тары", грыбы будуць фасаваць толькі ў фірмовыя беларускія ўпакоўкі.
Фота — sb.by