Пасол Ватыкана Клаўдыё Гуджэроці пакідае Беларусь
13 лістапада прэс-служба Святога Пасаду паведаміла аб прызначэнні Папам Францішкам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці апостальскім нунцыем ва Украіне. Да гэтага часу ён займаў такую ж пасаду ў Беларусі.
Такім чынам, іерарх завяршае сваё служэнне ў якасці прадстаўніка Святога Айца ў Беларусі, на якім знаходзіўся з 15 ліпеня 2011 года.
Арцыбіскуп нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 года ў горадзе Верона. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 года. Раней іерарх нёс служэнне апостальскім нунцыем у Грузіі, Арменіі і Азербайджане.
Служэнне Гуджэроці ў Беларусі прынесла вялікі плён мясцовай Каталіцкай царкве. У прыватнасці, пры ім былі прызначаныя новыя біскупы, пачалося будаўніцтва будынка апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Пасол Ватыкана удзельнічаў у святах і масавых працэсіях, вырашаў палітычныя пытанні.
З дыпламатычнага персаналу Ватыкана ў Беларусі пакуль застаецца першы сакратар апостальскай нунцыятуры Марынка Антолавіч. Пра новага апостальскага нунцыя ў Беларусі пакуль не паведамляецца.
Фота: kraj.by