Пасольства Расіі: ніякай “развітальнай вечарыны” Бабіча не плануецца
Telegram-канал “Незыгарь” паведаміў сёння, што Міхаіл Бабіч пакідае пасаду пасла ў Беларусі “ў сувязі з пераходам на іншую працу”.
“Крыніца паведамляе, што сёння ўвечары Крэмль выдасць указ аб адкліканні амбасадара і спецпрадстаўніка прэзідэнта РФ па Беларусі Міхаіла Бабіча. Фармулёўка — у сувязі з пераходам на іншую працу. Далейшае месца працы Бабіча, хутчэй за ўсё, будзе абмяркоўвацца ў травеньскія святы”, — сцвярджае “Незыгарь”.
І нават паведамляе, што новым паслом РФ у Беларусі будзе Дзмітрый Мезенцаў.
Еўрарадыё прыгадала, што калі з пасады сыходзіў Аляксандр Сурыкаў, папярэднік дзеючага расійскага пасла Міхаіла Бабіча, то ў расійскай амбасадзе ладзілі адмысловую развітальную вечарынку. Мы патэлефанавалі ў амбасаду і папрасілі акрэдытаваць на “развітальную вечарынку Міхаіла Бабіча” нашага журналіста.
Але ў такой акрэдытацыі Еўрарадыё... адмовілі! Праўда, не ў якасці помсты за тое, што раней Еўрарадыё адмовілася ісці на прэс-канферэнцыю расійскага пасла. Прычына ў тым, што, па словах супрацоўніка амбасады РФ, Міхаіл Бабіч нікуды не з’язджае і бліжэйшым часам мяняць працу не плануе.