Пастаўкі зброі Украіне стануць абавязковымі для ўсіх краін NATO — Столтэнберг
Енс Столтэнберг
Пастаўкі зброі Украіне стануць абавязковымі для ўсіх краін NATO, заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг. 12 чэрвеня ў Бруселі пачалося пасяджэнне міністраў абароны NATO.
"Мы бачылі, што ЗША выдаткавалі шэсць месяцаў на ўзгадненне дадатковай дапамогі Украіне, — гаварыў Столтэнберг — Мы таксама бачым, што некаторыя абяцанні, дадзеныя саюзнікамі, не былі выкананы. Калі мы ператворым гэта з добраахвотнага ўкладу ў абавязацельствы, пастаўкі стануць больш надзейнымі і маштабнымі".
Па словах генеральнага сакратара NATO, пастаўкі зброі будуць каардынаваць структуры пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе Крыстафера Каволі.
Енс Столтэнберг падкрэсліў, што Украіна штогод атрымлівае ад саюзнікаў ваенную дапамогу на 40 млрд еўра. І гэты ўзровень трэба падтрымліваць "столькі, колькі спатрэбіцца" для перамогі Украіны ў вайне.
Столтэнберг згадаў, што "абарона ад ядзернай пагрозы — найважнейшая задача, якая стаіць перад NATO". "У апошнія гады мы назіраем небяспечную рыторыку з расійскага боку, абвешчана аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі, праводзяцца розныя ядзерныя вучэнні... Усе гэтыя пагрозы мы ўлічваем, калі мадэрнізуем сваё абсталяванне, на працягу ўжо многіх гадоў праводзім шматлікія выпрабаванні", — гаварыў ён на прэс-канферэнцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.