Пасёлак Паўночны ў Мінску не знясуць
Пасёлак Паўночны ў Мінску пакуль не зносяць. Як піша TUT.by, увечары 24 жніўня адбылося грамадскае абмеркаванне плана дэтальнай планіроўкі прыватнага сектара ў межах вуліц Ангарскай — Байкальскай — зав. Алтайскага — Алтайскай — зав. Ахоцкага — Іркуцкай — Магнітнай. У гэтым раёне знаходзіцца 316 прытваных сядзібаў, збудаваных у 1950-60-х гадах.
Першапачатковы ПДП, распрацаваны ў 2009 годзе, прадугледжваў татальны знос гэтай забудовы. Пазней яго скарэктавалі ў 2012-2015 гадах і прыватную забудову вырашылі захаваць.
Цяпер жыхарам Паўночнага прапаноўваюць давесці пасёлак да нарматываў катэджнай забудовы — можна будзе пашырыць плошчу дамоў да 150 квадратых метраў. Сквер па вуліцы Іркуцкай добраўпарадкуюць, на Магнітнай з’явіцца бульвар. Праезныя часткі мяркуюць пашырыць, зрабіць там тратуары з веладарожкамі і ўсталяваць вулічнае асвятленне.
Адметна, што пракладку каналізацыі ў гэты пасёлак плануюць ажыццявіць за кошт саміх жыхароў. Людзей гэта абурае, бо яны не ўпэўненыя, што праз колькі гадоў іх зноў не захочуць знесці.