Патрабаванні ўкраінскай апазіцыі да ўлады
У Кіеве працягваецца масавая акцыя пратэсту, у якой удзельнічаюць сотні тысяч чалавек.
Удзельнікі масавага мітынга на Майдане Незалежнасці ў Кіеве запатрабавалі адстаўкі ўраду і прэзідэнта Віктара Януковіча на працягу пяці бліжэйшых дзён, правядзення датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Як вядома, чарговыя выбары прэзідэнта Украіны мусяць адбыцца ў пачатку 2015 года.
Таксама аб'яўленая мабілізацыя апазіцыйных сілаў і падрыхтоўка да агульнанацыянальнага страйку. Таксама ў рэзалюцыі мітынгу ўтрымліваецца патрабаванне ліквідаваць "антынароднае спецпадраздзяленне "Беркут", звольніць са службы яе байцоў і камандзіраў ды прыцягнуць да адказнасці тых з іх, хто прымаў удзел у збіцці людзей на Майдане Незалежнасці.
Нагадаем, масавыя акцыі пратэсту пачаліся ў Кіеве і іншых гарадах краіны пасля таго, як украінскі ўрад адмовіўся падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. У ноч на 30 лістапада ў Кіеве спецпадраздзяленне МУС "Беркут" разагнала "Еўрамайдан" — бестэрміновы мітынг прыхільнікаў еўраінтэграцыі.
У нядзелю патрабаванні ўдзельнікаў "народнага веча" ў Кіеве патрымаў Львоўскі абласны савет.
Фота — ria.ru