Паўночная Карэя больш не хоча ўз’ядноўвацца з Паўднёвай Карэяй — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

Адмовіўшыся ад даўняй мэты, Кім Чэн Ын прыгразіў падпарадкаваць Паўднёвую Карэю гвалтоўна. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
 

КНДР заявіла, што больш не зацікаўленая ва ўз'яднанні з Паўднёвай Карэяй

Паўночная Карэя афіцыйна адмовілася ад мірнага ўз'яднання ў якасці ключавой палітычнай мэты. Абвяшчаючы пра радыкальны зрух, яе лідар Кім Чэн Ын заявіў, што Поўнач больш не разглядае Поўдзень як "партнёра па прымірэнні і ўз'яднанні", а хутчэй як ворага, якога неабходна падпарадкаваць, у выпадку неабходнасці — з дапамогай ядзернай вайны, піша The New York Times.

У апошнія дзесяцігоддзі ўз'яднанне дзвюх Карэй становіцца ўсё больш малаімаверным, бо эканамічны разрыў паміж імі павялічыўся, а ўзаемная варожасць паглыбілася.

Кім абвясціў пра сваю новую пазіцыю па Паўднёвай Карэі на партыйным сходзе ў канцы мінулага месяца і ў прамове, якую ён сказаў у панядзелак перад парламентам Паўночнай Карэі, Вярхоўным народным сходам.

Ён таксама загадаў перагледзець канстытуцыю Паўночнай Карэі, а таксама галоўныя прынцыпы яе прапаганды, каб выключыць згадкі пра "мірнае ўз'яднанне", "вялікае нацыянальнае адзінства" ці пра паўднёвакарэйцаў як "суайчыннікаў".

Восенню 2023 года КНДР у аднабаковым парадку разарвала пяцігадовую дамову з Паўднёвай Карэяй пра зніжэнне ваеннай напружанасці. Пхеньян паведаміў пра планы разгарнуць больш магутныя ўзброеныя сілы і новую зброю на мяжы.
 

Apple упершыню абагнала Samsung па глабальных пастаўках смартфонаў

Паводле дадзеных даследавання, праведзенага IDC, кампанія Apple упершыню ў гісторыі за год паставіла на рынак больш смартфонаў, чым карэйскі гігант Samsung. 

Паўночная Карэя больш не хоча ўз’ядноўвацца з Паўднёвай Карэяй — #ІхНоравы

У IDC гавораць, што іх высновы можна лічыць папярэднімі і яны могуць змяніцца. Аднак у Canalys згодныя з тым, што Apple за 2023 паставіла смартфонаў больш, чым Samsung.

Паводле дадзеных IDC, агульны аб'ём паставак Apple складае 234,6 млн смартфонаў. У Samsung — 226,6 млн. Тройку лідараў замыкае Xiaomi з паказчыкам 145,9 млн прылад. Далей у спісе ідуць Oppo і Transsion, якой належаць такія брэнды, як Tecno і Infinix.


Каля тысячы турыстаў захрасла ў гарах Кітая пасля сходу лавін

Каля 1000 турыстаў захраслі ў аддаленым дачным пасёлку Кітая пасля таго, як лавіны абрынуліся на рэгіён. Пра гэта паведамляе Reuters.

Паводле звестак інфармагенцтва, дарога да вёскі Хема, маляўнічага месца недалёка ад межаў Казахстана, Расіі і Манголіі, дзе захраслі турысты, ужо некалькі дзён адрэзаная лавінамі. Вёска размешчаная ў прэфектуры Алтай, дзе бесперапынны снегапад у некаторых раёнах працягваецца ўжо 10 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі