Паводзіцца нахабна і грубіяніць — з Беларусі выслалі студэнта з Конга

Разгляд пытання пра высылку студэнта з Конга

Разгляд пытання пра высылку студэнта з Конга / grodno.mvd.gov.by

Гродзенская міліцыя прыняла рашэнне выслаць з Беларусі студэнта з Конга. Хлопцу 29 гадоў, ён вучыўся на падрыхтоўчых курсах. Калі б ён іх паспяхова скончыў, атрымаў бы права на залічэнне ў мясцовую ВНУ. Але на хлопца ўжо некалькі разоў складалі адміністрацыйныя пратаколы за хуліганства. Першы раз на яго выклікалі міліцыю ў інтэрнат — паводле сілавікоў, ён бегаў па калідоры і паводзіў сябе агрэсіўна. Хлопцу выпісалі штраф на 400 рублёў, якога ён так і не аплаціў.

Другі раз у поле зроку міліцыі ён трапіў, калі ў яго спрабавалі праверыць дакументы на вуліцы. Іншаземец адмовіўся прайсці з сілавікамі ў службовы аўтамабіль — паводле версіі міліцыі, "крычаў, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў". У выніку атрымаў 7 сутак арышту.

У гродзенскай міліцыі кажуць, што замежны грамадзянін пастаянна канфліктаваў з работнікамі ўніверсітэта і іншымі студэнтамі, кепска вучыўся. Падчас разгляду ягонай справы пра высылку ён таксама, са словаў гродзенскіх сілавікоў, "паводзіў сябе абуральна, выказваў непавагу да прадстаўнікоў органаў унутраных спраў і ўсіх навакольных", адмовіўся ўстаць, прадставіцца і растлумачыць свае паводзіны. У характарыстыцы, якую падаў універсітэт, гаварылася, што хлопец "невыканальны, недысцыплінаваны, да заняткаў не рыхтуецца і сістэматычна прапускае іх без паважлівай прычыны. Нецярплівы, неўраўнаважаны, запальчывы, агрэсіўны... У гутарках паводзіцца нахабна, грубіяніць".

У выніку хлопца вырашылі выслаць, а таксама забараніць яму ўезд у Беларусь на 10 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі