Пажыццёва зняволеныя ўчынілі беспарадкі ў літоўскай турме
Турма / SHUTTERSTOCK, ілюстрацыйнае фота
У Марыямпальскай турме ў Літве ўзніклі беспарадкі: акцыю пратэсту абвясцілі вязні, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, піша delfi.lt.
У пратэстах, якія доўжацца ўжо другі дзень, удзельнічаюць каля 20 чалавек. Яны пастаянна грукаюць у дзверы, стукаюць па сценах, крычаць. Адміністрацыя турмы ўзмацніла ахову.
Паведамляецца, што беспарадкі пачаліся пасля таго, як адміністрацыя забараніла продаж некаторых прадуктаў у мясцовай краме — мукі, макароны, яек. Гэтыя прадукты даўно не прадаюць іншым зняволенным. А асуджаным на пажыццёвае іх прадавалі паводле няпісаных правілаў.
Адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту паведаміў журналістам, што ўсе асуджаныя на пажыццёвае абвясцілі галадоўку, некаторыя нанеслі сабе траўмы, спатрэбілася ўмяшанне лекараў.
Літоўская служба турмаў пацвердзіла беспарадкі ў турме, але запэўніла, што сітуацыя пад кантролем. Прадстаўнікі турмы таксама расказалі, што правялі ператрусы, у зняволеных забралі забароненыя рэчы.
Дарэчы, тыдзень таму ў Марыямпальскай турме таксама былі беспарадкі. Пасля таго як у зняволеных забралі мабільнікі, яны забарыкадаваліся ў камерах і псавалі інвентар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.