Пазняк: Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет

Еўрарадыё: Галіна Сямдзянава не была актывісткай Фронту, калі стала дэпутатам Вярхоўнага Савета і далучылася да апазіцыі БНФ. Як яна прыйшла ў апазіцыю? Што яе падштурхнула?
110919 Pazniak s.mp3
Пазняк: Галіна была вельмі прынцыповым, сумленным чалавекам. Гэта была яе якасць. Сама, працуючы ў камуністычных структурах, яна добра бачыла несправядлівасць і што там творыцца. Калі яна прыйшла ў Вярхоўны Савет, начытаўшыся камуністычнай прапаганды, то спачатку нават блізка не падыходзіла да мяне. А потым яна пачала прыслухоўвацца да нашых меркаванняў, стала хадзіць на нашы зборкі. І вырашыла, што ісціна знаходзіцца там. Яна пакінула гэтую наменклатуру, увогуле выйшла з КПСС, далучылася да Народнага Фронту і стала актыўнай фронтаўкай.

Аднаго разу, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Галіна Сямдзянава, кажа: “Добры дзень”. І пачынае гаварыць на чыстай беларускай мове. І з таго часу яна гаварыла па-беларуску. Пры тым, фанетычна бездакорна, без ніякіх акцэнтаў. Вось такая была Галіна.

На яе можна было палажыцца. Я вельмі яе цаніў у Вярхоўным Савеце. Яна мела якасці, як кажуць, мужчынскага розуму, яна магла аналізаваць і, як чалавек эмацыйны, магла паддацца эмоцыям, але эмоцыі не ўплывалі на яе розум, на высновы, на ацэнкі. У гэтым сэнсе яна была вельмі надзейнай у зале, у час сесіі. Яна выдатна бачыла сітуацыю, што адбываецца. Прытрымлівалася тактыкі, калі прынялі рашэнне, што дзейнічаем так, то на Сямдзянаву можна палажыцца. Вось такі гэта быў чалавек.

Еўрарадыё: Менавіта Галіна Сямдзянава прынесла ў Вярхоўны Савет бела-чырвона-белы сцяг 24 жніўня 1991 года...

Пазняк: Так. Калі я ўзяў сцяг, убачыў яе такое хваляванне, што яна хацела гэты сцяг несці, і гэта было лагічна — яна жанчына і гэта было б прыгожа. І я кажу: “Галіна, сцяг панясеш ты”. І яна з гэтым сцягам увайшла ў залу. Мы ўсе разам увайшлі, але сцяг быў у яе руках.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі