Пеню за пратэрміноўку аплаты камуналкі хочуць павысіць да 30% ў дзень!

Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка прапаноўвае браць пеню ў 30% за кожны дзень пратэрміноўкі аплаты за камунальныя плацяжы. Сюжэт паказваюць па тэлебачанні, а я не веру!

Бо 30% за дзень (замест 0,3%, — заўвага Еўрарадыё), гэта 900% за месяц! Гэта ў 15 разоў болей, чым бяруць арганізацыі па мікразаймах!

У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы апраўдваюцца — 30% за дзень гэта толькі прапанова, тлустая, смачная прапанова:

"Мы толькі падрыхтавалі прапанову ў міністэрства жыллёва-камунальных гаспадаркі"

У ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна галоўная бугалтарка Таццяна Мохарава перапытвае мяне некалькі разоў пра пеню ў 30% у дзень. Жанчына сходу падлічвае сумы, якія ўзнікнуць у "жыроўках" неплацельшчыкаў. Ёсць рызыка ўвогуле не атрымаць ніякіх грошай за камуналку.

"Гэта хто такое прапанаваў? Гэта ж, прыкладна, 1,5 мільёна ў жыроўку за месяц. Вы ўяўляеце сабе такую жыроўку? Я не!"Таццяна Вацлаваўна кажа, што самыя неплацельшчыкі тыя, хто не аплачвае "камуналку" цягам двух месяцаў — паклалі чалавека ў бальніцу, паехаў адпачываць — раз два і ты ў даўжніках.

У Мінску 634 тысячы абанентаў, болей за 26 тысяч маюць запазычанасць на 8 мільярдаў рублёў. Гэта ў сярэднім 307 тысяч на кватэру. Тыя, хто забываюць аплаціць камуналку цягам двух месяцаў, маюць запазычанасць на 5 мільярдаў рублёў. Памнажайце самі!

У разлікова-даведкавым цэнтры № 1 Цэнтральнага раёна пра суперпеню чулі, але сумняваюцца. Тут кажуць, што і 0,3% у дзень для большасці непад’ёмна.

“Гэта не стане нейкай панацэяй. Бо цяпер людзі і з такімі выплатамі не спраўляюцца”.

Дырэктарка РДЦ № 1 Цэнтральнага раёна Арына Павукова кажа, чаму патрэбныя такія строгія меры.

“Супраць тых, хто несвоечасова аплачвае камунальныя плацяжы, няма ніякіх мер. Мы не можам ніяк уздзейнічаць. А калі вы, як вы кажаце, забываеце аплаціць камунальныя плацяжы, мой аддзел поўнасцю пазбаўляюць прэміі!” — папракае мяне дырэктар разлікова-даведкавага цэнтра № 1 Цэнтральнага раёна Арына Павукова.

За гэтым РДЦ замацаваны бадай самы злосны неплацельшчык сталіцы — Аляксандр Пруднікаў. У яго запазычанасць 16 мільёнаў і пеня каля 78 мільёнаў за восем гадоў. А калі памножыць на 30% у дзень? Ніякага гарадскога бюджэту не хопіць! Але ні выселіць яго не могуць, бо ў кватэры прапісаныя непаўналетнія дзеці.

Тэарэтычна, Аляксандру Пруднікаву могуць спісаць пеню ў 78 мільёнаў, гэта пры ўмове аплаты асноўнай запазычанасці — 16 мільёнаў. Тым больш, што і практыка такая ёсць.

За 2013 год Мінск спісаў пеню 56 даўжнікам. Спісанне вырашае спецыяльная камісія на падставе жыццёвых сітуацый, але звычайна камунальнікі ідуць насустрач.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі