Перад знікненнем з радараў самалёта EgyptAir у салоне спрацавалі дэтэктары дыму
За некалькі хвілін да знікнення пасажырскага самалёта Airbus A320 авіякампаніі EgyptAir з радараў у салоне спрацавалі дэтэктары дыму. Спачатку гэта адбылося ў прыбіральні, а пасля — у радыёэлектронным адсеку. Пра гэта сігналы пасылалі аўтаматычныя сістэмы, паведамляе ВВС.
Эксперты не выключаюць, што на борце здарыўся не тэракт, а пажар, выкліканы тэхнічнымі непаладкамі. Аднак з упэўненасцю пра гэта можна будзе сказаць толькі пасля аналізу запісаў з чорных скрыняў самалёта, але іх яшчэ не знайшлі.
Як паведамляла Еўрарадыё, пасажырскі самалёт 19 траўня здзяйсняў рэйс MS804 Парыж — Каір. Раніцай ён мусіў прызямліцца ў сталіцы Егіпта, але да аэрапорта не даляцеў, знік над Міжземным морам. У самалёце былі 66 чалавек — 56 пасажыраў і 10 чальцоў экіпажу (грамадзян 12 краін, беларусаў сярод іх не было). Абломкі самалёта і асабістыя рэчы пасажыраў былі знойдзеныя ў пятніцу ў моры ў 290 км на поўнач ад Александрыі. Дадзеных пра тое, што ёсць выжылыя, няма.