Перадача справы Кондруся ў суд зацягваецца яшчэ на месяц
Перадача справы Уладзіміра Кондруся ў суд зноў зацягваецца. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, пракуратура Мінска вярнула справу следчаму для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання. На гэта адводзіцца тэрмін у месяц.
Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома ўраду падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён стаў яшчэ адным фігурантам справы аб масавых беспарадках. Кондрусь знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы. На знак пратэсту супраць свайго арышту ён зладзіў працяглую галадоўку, з-за чаго ў яго пачаліся вялікія праблемы са здароўем.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.