“Перадсмяротныя” The Toobes: апошні ўздых у Мінску (фота)

У дзень сонечнага зацьмення, 20 сакавіка, гурт The Toobes грае ў мінскім клубе Re:Public перадсмяротны канцэрт: не выключана, што шлях трыа на гэтым скончыцца. Але 18-гадовыя дзяўчаты, якія выбягаюць праветрыцца ад спякотнага слэму, нават не ведаюць, што, магчыма, робяцца сведкамі гістарычнага моманту.

“Гэта што, апошні канцэрт? — дружны рогат. — Я гэты гурт увогуле ўпершыню чую! Ну, сумна. Добры гурт, шкада, што такія беларускія гурты распадаюцца. Бо вельмі рэдка можна сустрэць якасную музыку”.

Збольшага 18-гадовыя складаюць танцпляц залы: шчыльны слэм настолькі ўзбуджае, што ў музыкаў ляціць жаночая ніжняя бялізна. Але відавочна: музыка The Toobes старэйшая за іх. Гастролі, выступы на буйных фестывалях, разагрэвы гігантаў кшталту Franz Ferdinand, The Offspring, Deep Purple, запіс трох альбомаў, жыццё ў Польшчы і спроба прарвацца на заходнееўрапейскі рынак робяць сваю справу. Перад намі магутны, сыграны, прафесійны калектыў з шалёнай энергетыкай і ў поўным росквіце сіл. Музыкі вырашылі: калі ўжо ставіць кропку, дык тлустую.

Нягледзячы на “перадсмяротны” пафас, развітацца з гуртом прыйшло не так і шмат людзей: каля 400 чалавек. Для калектыву з такімі амбіцыямі гэта сапраўды малавата. Можа, насамрэч і варта ўзяць паўзу?

"Перадсмяротны" канцэрт у дзень сонечнага зацьмення (фота)

“У іх цяпер момант разладу: нешта не падзялілі. Забылі пра тое, навошта яны. Але я сёння назіраў на сцэне касавы, класны гурт, які рве, які мусіць існаваць і жыць”, — мяркуе лідар Avias Раман Сухоцкі.

Апошнім часам каманда ўпала ў дэпрэсію, звязаную з фінансавымі цяжкасцямі. Маўляў, не зарабляем столькі, каб пракарміцца. Адсюль, відаць, пайшлі і ўнутраныя рознагалоссі паміж самімі музыкамі. Знакамітая сям’я “Тубсаў” дала трэшчыну, таму ўзнік і “перадсмяротны канцэрт”. Праўда, у тое, што гурт можа знікнуць, фэны і сябры каманды не вераць.

Каля дзвюх гадзін “Тубсы” рубяць свае песні. Бубнач і вакаліст Стас Ламакін 17(!) песень цяпер стаіць ля мікрафона. На яго ж ударным месцы Яўген Гаўрусеў з вядомага мінскага кавер-бэнда Inomarki. Ён распавядае, што ніколі ў жыцці так не адрываўся на канцэрце:

“Мне сёння было шалёна прыемна раздзяліць з імі гэтую сцэну і публіку. Тое адчуванне, з якім яны выходзяць на сцэну і з якім яны граюць сваю музыку, яно настолькі дарагое, яно даражэйшае, чым золата, чым шмат што на свеце. Дзеля гэтага яны сабраліся аднойчы, і я больш чым упэўнены, што гэта не канец. Яны не могуць здрадзіць адно аднаму”.

Тыя, хто не прапусціў ніводнага мінскага канцэрта The Toobes, кажуць, што “перадсмяротны канцэрт” быў найлепшым выступам гурта. Наперадзе — яшчэ пяць запланаваных. А потым будзе ці то паўза, ці то ўсё ж дарога да іншых часоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі