Прэзентацыя на Еўрарадыё: Альбом "Road to the Big Time" ад The Toobes

The Toobes прадстаўляюць на Еўрарадыё новы, трэці па ліку альбом "Road to the Big Time". Музыкі кажуць, што ён атрымаўся англійскім па духу і вельмі меладычным.

“Цягам гэтых 8 гадоў мы развівалі ў сабе такую здольнасць, як сачыненне песень з мелодыямі, — кажа Канстанцін Пыжоў. — І вось альбом — гэта выніковая праца, дзе шмат розных мелодый, якія чапляюцца, якія можна наспяваць, сыграць на любой гітары ў пад’ездзе. То бок ухіл быў менавіта на тое, каб песні былі песнямі ў першую чаргу, а потым ужо практыкаваннямі ці рыфамі”.

Апроч разнастайных мелодый на кружэлцы The Toobes актыўна выкарыстоўваюць вакальныя распеўкі, каб дыск гучаў яшчэ багацей.

“Кружэлка пра сябе, пра нас, — тлумачыць унутраны складнік кружэлкі Косця. — Мы хочам поспеху, далейшага развіцця, прыгодаў. І мы спяваем пра прыгоды. Пра тое, што мы перажываем. Пра наш унутраны свет”.

Дыск, які можна набыць у інтэрнэце ўсяго за 3 еўра, складаецца з 11 песень. Некалькі з іх былі напісаныя яшчэ ў 2007—2008 гадах, але толькі цяпер, кажа Косця, яны загучалі так, як падабаецца самім музыкам. Канчатковая версія альбома (а ён перапісваўся некалькі разоў) была запісаная ў мінскай студыі Mapple Tree. Звядзеннем традыцыйна для The Toobes займаўся сам Канстанцін Пыжоў. Гітарыст расказвае, што спачатку гурт працаваў з польскім саўнд-прадзюсарам. Аднак матэрыял выходзіў цалкам іншы. Таму, улічваючы атрыманы досвед, “Тубсы” ўсё ж спыніліся на ўласных адчуваннях і густах.

"На нашую думку, гэта нешта больш тлустае і дарослае, спелае, моцнае. Натуральна, мы эвалюцыянуем, і трэцяя кружэлка нашмат круцейшая, калі параўноўваць узровень ігры, свядомасці. Мы выраслі самі, як ні круці, і час прайшоў. Гэтай працай мы вельмі задаволеныя", — рэзюмуе бубнач гурта Стас Ламакін.

20 лістапада ў мінскім Prime Hall пройдзе канцэртная прэм’ера “Road to the Big Time”. Разам з The Toobes на сцэну выйдзе гурт Akute, які ў сваю чаргу пакажа новы кліп на песню “Сцены”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі