Перамовы ў Мінску сарваныя, Кучма вінаваціць у гэтым "ДНР" і "ЛНР"
Перамоўшчыкі з Данецка і Луганска сваёй віны не бачаць.
31 студзеня ў Мінску прайшло паседжанне ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы па вырашэнні сітуацыі на Данбасе. У ім удзельнічалі прадстаўнік афіцыйнага Кіева, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега. Ніякіх дакументаў падпісана не было.
Як стала вядома, Кучма заявіў, што перамовы былі сарваныя, і зрабілі гэта прадстаўнікі баевікоў. "Сённяшнія кансультацыі па Плану выканання Мінскіх дамоўленасцяў, які змяшчае пералік канкрэтных мер, накіраваных на больш хуткую дээскалацыю сітуацыі, былі сарваныя ў сувязі з няяўкай падпісантаў Мінскіх дакументаў Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, ультыматыўнымі заявамі іх прадстаўнікоў Дзяніса Пушыліна і Уладзіслава Дэйнега, а таксама іх адмовай абмяркоўваць План мерапрыемстваў па неадкладным спыненні агню і адводзе цяжкіх ўзбраенняў", — цытуе словы прадстаўніка Кіева "Інтэрфакс-Украіна".
Высветлілася, што дэлегаты ад "ДНР" і "ЛНР" ва ўльтыматыўнай форме патрабавалі ад Кіева аднабаковага спынення агню на Данбасе. Леанід Кучма заявіў, што "ўкраінскі бок не ўспрымае ніякіх ультыматумаў і папярэдніх умоваў". Ён нагадаў, што ўлады Украіны патрабуюць поўнага выканання дамоўленасцяў, дасягнутых у Мінску ў верасні мінулага года, "пачынаючы з неадкладнага ўстанаўлення рэжыму спынення агню".
Кучма падкрэсліў, што чакае афіцыйную рэакцыю Масквы на сітуацыю з перамовамі.
Тым часам, кіраўнік так званай "Луганскай народнай рэспублікі" Ігар Платніцкі заявіў, што гэта Кіеў сарваў перамовы ў беларускай сталіцы.
"Калі Кучма хоча абвінавачваць мяне і [кіраўніка "ДНР"] Захарчанку, няхай ён спачатку ўспомніць, што яго самога ўчора не было, і для таго, каб Леаніду Данілавічу [Кучме] ўдзельнічаць у перамовах, павінна быць афіцыйнае прызначэнне яго ўпаўнаважаным прадстаўніком", — цытуе словы Платніцкага РІА "Новости".
Як вядома, кіраўнікі баевікоў патрабуюць, каб улады Украіны на перамовах прадстаўляла афіцыйная асоба, а не экс-прэзідэнт.
Пушылін заявіў пасля сустрэчы ў Мінску, што прадстаўнікі "рэспублік" гатовыя працягваць перамовы ў рэжыме дыялогу, а не маналогу Кіева. Дэйнега распавёў пра паказанні палонных украінскіх вайскоўцаў, паводле якіх украінскае войска рыхтуе наступленне на Данбасе.
Нагадаем, што папярэдне абвяшчалася пра магчымую сустрэчу кантактнай групы ў пятніцу, 30 студзеня. Аднак гэтыя перамовы не адбыліся.
Фота: ria.ru